Жыхары Берасця працягваюць змагацца супраць акумулятарнага заводу «iPower»


Пратэставае супольнае кармленне галубоў у краіне забароненых масавых акцыяў. Больш за сотню жыхароў Берасця выйшлі на плошчу Леніна, каб чарговы раз выказаць незадаволенасць з будаўніцтва акумулятарнага заводу кампаніі «iPower» за чатыры кіламетры ад гораду.

Удзельнікі акцыі кажуць:

«Я сюды прыйшоў, таму што парушаюцца мае канстытуцыйныя правы і права на добрае навакольнае асяроддзе, якое ў нас аднімаюць улады».

«Ён нам не патрэбны тут. Вам патрэбны завод? Не. Нам таксама не патрэбны завод. І ім таксама непатрэбны. Але часамі ім патрэбныя зацікаўленасці, якія вышэй за інтарэсы людзей».

Акцыя адбылася ўжо трэці раз. І зноў – без аніякіх заклікаў, транспарантаў ці лозунгаў. Прайшла мірна, без затрыманняў.

«Гэта нават не пратэст – ім дачапіцца, ну што вы тут выйшлі, – сказаць няма чаго, пратакол скласці няма на што, штраф даць няма за што. Людзі прыходзяць з семачкамі, з просам», – кажа актывіст АГП Аляксандр Кабанаў.

Скончыўся пратэст зборам подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў. Ледзь не адразу пад просьбай у наступную нядзелю правесці дазволены мітынг падпісаліся некалькі дзясяткаў чалавек.

«Мы будзем і далей змагацца. Таму што хочам дыхаць свежым паветрам. Мы абараняем свой горад, у першую чаргу, мы абараняем нашых дзяцей і ўнукаў. Гэта будучыня нашай краіны. Як гэта так, што ўлады не рэагуюць?» – кажа ўдзельніца акцыі.

Супраць шкоднае вытворчасці падпісаліся каля трыццаці сямі тысяч грамадзянаў. Напрыканцы лютага адмысловы зварот перадалі ў адміністрацыю кіраўніка краіны. Наш тэлеканал неаднаразова асвятляў хаду канфлікту.

«Жыхары Берасцейшчыны, з якімі правялі абмеркаванне толькі пасля шырокага асвятлення тэмы медыямі, не пагаджаюцца з высновамі дзяржаўных эколагаў наконт бяспекі свінцовых выкідаў. Яны патрабуюць правесці незалежную экспертызу або спыніць будаўніцтва заводу».

Акумулятарны завод «iPower» бізнесоўца Віктара Лемяшэўскага будуюць у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». На меркаванне актывістаў, прадпрыемства будзе выкарыстоўваць састарэлую тэхналогія канца мінулага стагоддзя.

Лола Бурыева, «Белсат»