Жыхароў вайсковага паселішча ў Мар'інай Горцы ўлады называюць «захопнікамі»


У Мар’інай Горцы змагаюцца за годныя ўмовы: больш за год жыхары вуліцы Пасёлак-1 дамагаюцца ад кіраўніцтва Пухавіцкага раёну размясціць на іхнай вуліцы смеццевыя кантэйнеры ды захаваць гаспадарчыя пабудовы і грамадскія прыбіральні.

Прыбіральні на вуліцах, паліва ў хлявах, смецце пры дарозе – такія ўмовы жыхары Мар’інай Горкі маюць ужо цягам года. І гэта – у цэнтры гораду, за два кварталы ад будынку адміністрацыі Пухавіцкага раёну.

Мікалай Рубан 27 гадоў адслужыў ва Узброеных сілах, цяперашні свой дом атрымаў ад дзяржавы ў вайсковым пасёлку Мар’інай Горкі 52 гады таму. Кажа, не спадзяваўся, што калісьці ўлады назавуць яго «захопнікам»:

«Я кватэру атрымаў – мне паказалі: вось твой хлеў. Пасля хто што падладоўваў сам, але самае крыўднае, што цяпер нас самазахопнікамі называюць – нас злачынцамі, атрымоўваецца, зрабілі».

Адміністрацыя Пухавіцкага раёну запатрабавала вызваліць нібыта самавольна занятую тэрыторыю – прыбраць хлявы, дзе жыхары захоўваюць паліва для ацяплення дамоў. Частку ўжо знеслі бульдозерамі, не зважаючы, што некаторыя будынкі былі зарэгістраваныя ў прыватнай уласнасці.

«Хлявы прыбралі, зараз зіма на носе, і ў нас няма дзе пакласці торф, бо дровы хоць каля дому дзесьці можна пакінуць, а торф – тры тоны прывозяць, такую кучу дзе скласці?» – абураецца мясцовая жыхарка Наталля Кулажанка.

Жыхары кажуць, што апроч таго прыбралі смеццевыя кантэйнеры ды спрабавалі знесці прыбіральні, хоць у часткі дамоў і па сёння няма аніякіх камунальных выгодаў.

«Мы просім вярнуць агароджу на месца, паставіць кантэйнеры і звярнуць увагу, што гэтая зямля не самазахоп. Каб ЖКГ дапамагло людзям вырашыць гаспадарча-побытавыя праблемы», – кажа Таццяна Баешка.

У адміністрацыі Пухавіцкага раёну сцвярджаюць, што аб праблеме мясцовых жыхароў нічога ня ведаюць.

«Ну я не ведаю, зараз будзем разбірацца. Я пакуль не гатовая вам адказаць», – заявіла першая намесніца старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Настасся Кузьміна.

Пасёлак вайскоўцаў – колішняя ўскраіна, а цяпер – цэнтр Мар’інай Горкі. Тут распачалі будоўлю гандлёвага цэнтру, а яшчэ раней – катэджаў. І гэта – галоўная прычына супрацьстаяння, мяркуюць жыхары.

«Нашая тэрыторыя – ласы кавалак, таму нас адсюль паволі выціскаюць», – мяркуе Наталля Нужненка.

«Прагучала такая думка: я пачула, што тут будзе стаянка на сто аўтамабіляў. Вось у цёці Галі – нашай доўгажыхаркі – там стаяла прыбіральня і кантэйнер для смецця, а зараз будзе стаянка на сто аўтамабіляў», – абураная Таццяна Баешка.

Мясцовыя жыхары неаднаразова звярталіся па дапамогу ў мясцовую адміністрацыю Пухавіцкага раёну, але безвынікова.

«Увесь склад Пухавіцкага райвыканкаму ўжо гадамі прыдумляе, прыкрываючыся нашым заканадаўствам, стварае і чыніць вось такія здзекі з жыхароў нашага пасёлку», – распавядае яшчэ адна мясцовая жыхарка Святлана Баравік.

Жыхары паселішча вайскоўцаў у Мар’інай Горцы звярталіся па дапамогу ў вышэйшыя органы ўлады, але і гэта выніку не прынесла.

Галіна Абакунчык belsat.eu