Жыхароў інтэрнатаў Магілёва прымушаюць ставіць дзверы за $ 4 тысячы ці плаціць за вахцёра


Жыхарам шэрагу інтэрнатаў Магілёва прапаноўваюць набыць уваходныя дзверы коштам 4 тысячы долараў або плаціць за працу вахцёра. Людзі абураныя: чаму трэба плаціць асобна, калі яны аплочваюць тэхабслугоўванне?

4 тысячы долараў за дзверы з кодавым замком, ці па 15 рублёў з сям’і штомесяц на вахцёра – абвесткі з такімі прапановамі з’явіліся ў інтэрнатах Магілёва, якія застаюцца на балансе ЖРЭУ Ленінскага раёну. Жыхарка інтэрнату Тамара Расіч распавядае:

«Паважаныя жыхары! – яны звяртаюцца. – У адпаведнасці з пастановай Савету Міністраў РБ ад 27.01.19 нумар 99 утрыманне вахцёраў у інтэрнатах адносіцца да дадатковых жыллёва-камунальных паслуг. І робіцца за кошт жыхароў».

Такіх інтэрнатаў у Магілёве – 38. Ці ўсіх датычыць новаўвядзенне, пакуль невядома. Атрымаць каментары ў дырэктара ЖРЭУ Сяргея Кастагладава не ўдалося…

«Сяргея Васільевіча няма на месцы… Я не магу сказаць, таму што вельмі шмат нарадаў…»

Некаторыя жыхары інтэрнатаў нават і не супраць вахцёраў, але не разумеюць, чаму мусяць асобна аплочваць іхную працу – яны ж плоцяць за інтэрнат! Хоць на што ідуць грошы, таксама не ведаюць – тэхабслугоўвання тут даўно не памятаюць. Жыхарка інтэрнату Таццяна Каландырэц:

«Ну вось, мы калі гатуем, над электраплітою ідзе дождж, у нас капае проста ў каструлю, пабелка ляціць. Колькі казалі ўсім – няма грошай! Няма сродкаў! Купіце руберойд, мы вам дамо людзей, яны пакрыюць крышу». Ну мы ж за нешта плацім грошы. Мы плацім на тэхабслугоўванне, капрамонт. Усё з нас вылічваюць. А толку аніякага».

Жыхары звярнуліся па дапамогу да прадстаўніка партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алега Аксёнава. Ён ужо займаўся гэткімі праблемамі ў іншым інтэрнаце – па вуліцы Крупскай. Небезвынікова:

«Службы памянялі плітку, паклалі кавалак асфальту, у будынку памянялі вокны пластыкавыя. Але ж гэта адзіны інтэрнат з шэрагу інтэрнатаў, якія знаходзяцца ў Магілёве. То бок гэта такая паказуха, зрабіць штосьці, каб адказаць людзям на пытанні, куды ідуць сродкі».

Але паказуха атрымалася не вельмі якасная…

«На трэцім паверсе ўшчыльняльная планка выціснутая, на чацвёртым паверсе вылецеў ушчыльняльнік гумавы, гэта нягледзячы на тое, што працэсам вось гэтым кіраваў учора сам старшыня Магілёўскага гарвыканкаму», – дадае Алег Аксенаў.

Калі не атрымаецца паразумецца з прадстаўнікамі ЖРЭУ ў пытанні вартавання інтэрнатаў, незадаволеныя жыхары гатовыя звяртацца ў Следчы камітэт і пракуратуру.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu