Жыхарка Вострава: «Закрываюць пошту нашым людзям бедным – апошняе, што ёсць. Застаецца толькі паміраць...»


Пошта ў вёсцы – не толькі месца атрымання газетаў і пісьмовай карэспандэнцыі. Гэта яшчэ крама і гэтак званы цэнтр банкаўскіх паслуг: тут вяскоўцы набываюць прадукты, атрымоўваюць пенсіі, робяць камунальныя плацяжы. Але мясцовыя ўлады вырашылі яе закрыць.

Вяскоўцы сабралі больш за сотню подпісаў да раённай адміністрацыі, пратэстуючы супраць закрыцця пошты. На змаганне за вясковы дабрабыт іх натхняе ўдалы досвед: нядаўна супольнымі намаганнямі яны не дазволілі закрыць лазню.

«Закрываюць пошту – нашым гэтым людзям бедным… нікуды. Школу закрылі, садок закрылі – апошняе, што ёсць. Нічога не застаецца – толькі паміраць».

«Патрэбная пошта: камунальныя трэба плаціць, газету трэба выпісаць, штосьці набыць. Няхай тады і ФАП, і клуб, і краму закрываюць. Чаму яны сабе не пазакрываюць нічога? У іх усе ўмовы, а ў нас забіраюць апошняе. Як нам жыць далей? Няма ніякага жыцця».

«І так заробку няма, дык трэба апошнія аддаваць, каб заехаць кудысьці. А каб даехаць яшчэ трэба час – значыць трэба не ісці на працу», – абураюцца жыхары Вострава.

Ужо некалькі гадоў тут зачыненыя школа і дзіцячы садок, а з пачатку года перастала працаваць ферма і механізатарскія майстэрні. Уся праца ды адукацыя цяпер – за шэсць кіламетраў, у вёсцы Мяжэвічы.

«У вёсцы ў нас усё пазакрывалі: і фермы, і ўсё – толькі ў Мяжэвічах. У нас і ферма, і майстэрні былі – усё закрыта, нічога няма, хоць тут лічыцца аграгарадок».

«Вось, калі ласка, два садкі, школа – усё пазакрывалі. І вось стаяць будынкі – усё ім, яны ўжо непрыдатныя ні да чаго. А чаму каб на месцы не былі і садок, і школа? Зараз пошту закрыюць, ФАП закрыюць, усё закрыюць – нічога не будзе. Дык гэта ж ненармальна!» – гавораць жыхары Вострава.

Тым часам у Востраве застаюцца больш за дзве сотні жыхароў. Пенсіянераў – каля 90, моладзі – усё меней. Затрымлівацца тут мала хто жадае.

«У мяне за спінаю школа, дзе было шмат дзяцей, працоўныя месцы настаўнікам былі. А цяпер душа баліць за нашую вёску, бо людзі з’язджаюць сем’ямі, бо няма дзе працаваць, а заробкі нізкія – па дзвесце рублёў і з’язджаюць, пакідаюць такія харошыя дамы», – кажа сацыяльная працаўніца і мясцовая жыхарка Данута Яўхута.

Безгаспадарчасць – гэтак характарызуюць становішча ў Востраве мясцовыя актывісты.

«Працоўных месцаў няма. Улада не клапоціцца аб стварэнні працоўных месцаў. Проста людзі кінутыя на выжыванне: як хочаце, так і выжывайце. Пры гэтым іх яшчэ і пазбаўляюць магчымасці заплаціць дзяржаве нават тыя камунальныя паслугі», – абураецца сябра незалежнага прафсаюзу РЭП Міхаіл Сошка.

У адказ на абурэнне жыхароў са Слоніму абяцаюць накіраваць у вёску перасоўную пошту-аўталаўку. Але вяскоўцы паабяцалі да яе нават не падыходзіць.

Галіна Абакунчык, belsat.eu