Жыхарка Слоніма: «Спрабую трымацца за працу касіра»


Як найтанней скараціць працаўніка? Не працягнуць з ім кантракту. Гэтак і робяць у Слоніме.

«Падбіраюць так што сканчаецца кантракт у чалавека – і ўсё, заробак што ты зарабіў, і бывай здароў», – распавядае Міхаіл Сошка, кіраўнік прафзвязу РЭП Слонімскага раёну.

Міхаіл Сошка адпрацаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы тры дзясяткі гадоў. А цяпер з ім не працягнулі кантракту, хоць існуе адмысловае пагадненне – не скарачаць тых, каму засталося тры гады да пенсіі. Актывіст спрабаваў адстаяць свае правы ў судзе, але высветлілася, што ён належыць «не да таго» прафзвязу.

«Наймальнік сам падкрэсліў у судзе што я не зʼяўляюся членам прадзяржаўнага прафсаюзу і таму на мяне яны не распаўсюджваюцца», – патлумачыў спадар Сошка.

Лаяльнасць ні пры чым, скарачаюць усіх?

Штопраўда, і ў сябраў «правільных», дзяржаўных прафзвязаў сітуацыя не лепшая. У Слонімскім ЖРЭУ звольнілі ўсіх вахцёраў – прыблізна дваццаць асобаў, пераважна жанчын з праблемамі са здароўем. Перад гэтым людзі тры месяцы працавалі паводле скарочанага графіку.

«Афіцыйны прафсаюз нічым не дапамог. Нават калі ўручылі паведамленні што нас пераводзяць на 80-гадзінны працоўны месяц, унізе была прыпіска што галіновы прафзвяз не бярэ на сябе ніякай адказнасці і не акажа ніякай падтрымкі», – зазначыла былая працаўніца ЖРЭУ Вольга Сапрыкіна.

Вакансія адна, людзей многа

Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што праблемы няма і ўсім скарочаным вахцёрам ужо знайшлі новыя месцы. Паводле ж звольненых кабет, у горадзе папросту няма столькі працоўных месцаў. Яны мяркуюць, што чыноўнікі прапаноўваюць усім адную і тую ж вакансію.

«Вакантнае месца ахоўніка адзінае на ўвесь горад, абтэлефанавалі ўсіх жанчынаў і на лістах штатнага раскладу дзіцячага садка запісаная куча народу, хто хоча на гэтае месца», – падзялілася звольненая Вольга.

Працу ў горадзе знайсці вельмі складана

«Пазакрывалі многа прадпрыемстваў, праблемы з працай, а калі ёсць то малыя заробкі. 200-300 рублёў – хіба гэта заробак?».

«Працую ў еўраопце касірам. Спрабую трымацца за месца, бо цяжка з працай».

– апісваюць сітуацыю жыхары Слоніма.

Паводле Белстату, у Беларусі ўжо другі месяц прынятых на працу больш за звольненых. Але Гарадзеншчыны гэта не датычыць. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі беспрацоўе ў рэгіёне працягвае павялічвацца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»