Жыхарка Гомлю адраджае кампоставікі. Глядзіце, як гэта здорава!


Зоя Ананьева даглядае кампоставік разам са сваякамі і суседзямі. Фота – «Белсат»

Гамяльчанка Зоя Ананьева пачала рабіць свет лепшым са свайго двара, і прапанавала суседзям удзельнічаць у сацыяльным праекце: адначасова пазбаўляцца ад значнай часткі смецця і атрымліваць карысныя ўгнаенні для сада і агарода.

Калі Зоя Ананьева 8 гадоў таму пераехала ў прадмесце свайго роднага Гомля – у вёску Сеўрукі, то як і ўсе навокал: паліла лісце і галлё, выкідала смецце ў кантэйнер. Але, каб жыць па-еўрапейску, яна арганізавала для сябе і суседзяў калектыўны кампоставік. Гэта старая вясковая тэхналогія, якую цяпер адраджаюць па ўсім свеце.

«У скрыню або кампоставую яміну закладваецца арганіка: перамолатае галлё, скошаная трава, можна перасыпаць гэта эфектыўнымі біяарганізмамі, якія спрыяюць раскладанню арганікі», – кажа Зоя Ананьева.

Дадаюць і земляных чарвякоў, якія хутка перапрацоўваць рэшткі ва ўгнаенні. Калі ўсё рабіць правільна, не будзе ані паху, ані шкоднікаў. Будзе гумус – карыснае, натуральнае і нятаннае ўгнаенне.

«Чарвяк-старальнік створаны якраз для нашых умоваў», – жанчына паказвае дзецям і дарослым маленькіх памочнікаў, якія будуць жыць у кампоставіку.

Сацыяльны праект Зоі – калектыўнае кампаставанне арганікі – перамог у конкурсе «Idea Generation Camp 2019», які праходзіў у Менску, і атрымаў фінансаванне. Кампоставікі дазваляюць захаваць здароўе людзей. Бо перапрацоўваюць лісце, галлё і бацвінне, якое звычайна спальваюць.

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 10 лістапада

«У выніку вясной і ўвосень горад накрывае шчыльная хмара дыму. Дыхаць немагчыма, не толькі прагуляцца, але і фортку адчыніць», – кажа Яўгенія, сваячка Зоі.

«У прыватным сектары людзі выкідваюць арганічныя адкіды – ачысткі ад бульбы, бурака, цыбулі – проста на дарогу. У ямкі грунтовых дарогаў. Машыны гэта разносяць», – абураецца Віктар, які толькі што загрузіў кампоставік зеллем і адкідамі.

Скрынкі, пастаўленыя ў межах праекту, яшчэ больш актуальныя для гораду.

50–70 % побытавага смецця – гэта арганіка, якую можна перапрацаваць, кажа гомельскі эколаг Дзмітрый Янкоў.

«У Гомлі ўстала пытанне аб стварэнні новага палігону адкідаў, распрацаваная канцэпцыя, будзе новая карта, будуюць смеццеперапрацоўчы завод, і ёмкасці для арганічных адкідаў», – дадае Янкоў.

Але гэта хутчэй для прадпрыемстваў, не для побытавага смецця ад насельніцтва.

Варта браць прыклад з жыхароў Парыжу і Берліну, ды арганізоўваць не толькі сегрэгацыю смецця, але і калектыўныя агароды з кампоставымі скрынямі або ямамі. І менш смеццявозаў трэба, і можна дамовіцца разам вырошчваць памідоры, напрыклад. Чым мы горшыя ў гаспадарцы?

Яраслаў Сцешык, «Белсат»