Жыхарка Берасця пра бел-чырвона-белы сцяг: Па-мойму, гэта польскі


Чарговая, але важная гадавіна надання бел-чырвона-беламу сцягу і гербу Пагоня статусу дзяржаўных сімвалаў. Зміцер Дашкевіч і Эдуард Пальчыс адзначылі адначасова радасную ды сумную дату візітам у Міністэрства культуры. Навошта?

Сёлетняя гадавіна – адметная

Роўна сто гадоў існавання бел-чырвона-белага сцяга. Як падкрэслілі ў звароце да Міністэрства культуры, у «1917-ым годзе прайшоў Першы Усебеларускі кангрэс, які стаў базай для зʼяўлення БНР».

Васямнаццацістаронкавае навуковае абгрунтаванне гістарычнае каштоўнасці нацыянальных сімвалаў Беларусі. Такі дакумент маладафронтавец Зміцер Дашкевіч і блогер Эдуард Пальчыс перадалі на разгляд у айчыннае Міністэрства культуры.

Пад гэтым сцягам даваў прысягу Лукашэнка…

«Пад бел-чырвона-белым сцягам краіна ўпэўнена выходзіла на міжнародную арэну. Аднымі з першых крокаў сталі ратыфікацыя Беларуссю 10 студзеня 1992 г. без усялякіх агаворак Факультатыўнага пратаколу Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах….Пад бел-чырвона-белым сцягам 20 ліпеня 1994 г. даваў прысягу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка», – зазначылі аўтары ў звароце да Міністэрства культуры.

Зварот у Міністэрства стаўся завяршэннем мінулагодняе кампаніі за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнае гістарычна-культурніцкае каштоўнасці.

За месяц, маладафронтаўцы сабралі больш за 10 000 подпісаў

Аднак чыноўнікі запатрабавалі навуковае даследаванне, на якое ў дзяржавы нібыта няма грошай.

«Мы, канешне, разумеем, што ў Міністэрстве культуры пішуць усе гэтыя адпіскі рабы, якія не прымаюць ніякіх рашэнняў. Але, усё адно, можна было нешта пацікавей напісаць. Таму што складваецца ўражанне, што працуюць невукі», – зазначыў Зміцер Дашкевіч.

Гістарычны бел-чырвона-белы сцяг цягам чатырох гадоў быў дзяржаўным сімвалам нашае незалежнае краіны. У траўні 95-га на рэферэндуме, які быў ініцыяваны Лукашэнкам, на хвалі настальгіі па СССР за змену сімволікі выказаліся больш за тры з паловаю мільёны беларусаў.

«Вяртанне савецкага герба і сцяга з пэўнымі мадыфікацыямі – гэта была невыпадковасць. Лукашэнка хацеў загнаць, вярнуць народ у камуністычнае стойла, дзе быў бы адзін пастух, і ён паганяў бы ўсім. І гэты пастух, канешне, ясна, хто – Лукашэнка. А бел-чырвона-белы сцяг сімвалізуе і асацыюецца са свабодай», – сведчыць былы дэпутат Вярхоўнага савету Сяргей Навумчык.

Ці беларусы надалей разумеюць значэнне нацыянальных сімвалаў?

«Я не лічу, што гэта гістарычная каштоўнасць для маёй радзімы. (Чаму?) Таму што для мяне Беларусь і Расея – гэта адзіна краіна, адзіны народ».

«Па-мойму, гэта польскі сцяг».

«Для мяне бел-чырвона-белы сцяг зʼяўляецца сімвалам маёй Беларусі, маёй любві да родных, да маёй мовы».

«Гэта нацыянальны сімвал Беларусі. Павінен быць гонарам усіх беларусаў. Гэта жыццё, гэта павага».

– распавялі пра сваё стаўленне да нацыянальнай сімволікі жыхары Берасця.

Дваццаць шэсць гадоў таму бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня зрабіліся дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. Гэтак пастанавіў Вярхоўны Савет 12-га склікання яшчэ да распаду Савецкага Саюзу.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum