Жыхар Вільні: «Гэта дзень свабоды ад савецкіх захопнікаў, якія нас 50 гадоў душылі»


Жалобныя ўрачыстасці распачаліся напярэдадні ўвечары, з адкрыцця мемарыялу ля будынку Літоўскага тэлебачання. У памяць пра загінулых у Вільні ды Мядзінінкаі з 6-метровай вышыні тут будзе званіць звон.

«Звон гэта сімвал, ён заўсёды папярэджвае нас, заўсёды нагадвае, і ўшаноўвае памяць», – зазначыла Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Літвы.

У ноч на 13-га студзеня 1991 года савецкія войскі занялі Віленскую тэлевежу ды будынак Камітэту радыё і тэлебачання, каб зрынуць уладу Літвы, якая абвесціла сваю незалежнасць. На загад Міхаіла Гарбачова войскі мусілі захапіць і будынак Вярхоўнай Рады, але супраць танкаў ды аўтаматаў выступілі бяззбройныя людзі.

«Гэты дзень для нас – дзень свабоды ад савецкіх захопнікаў, якія нас 50 гадоў тут душылі».

«Я прадстаўляю беларусаў Літвы, і мы, як і ўсе астатнія людзі гэтай краіны, шануем памяць людзей, якія сышлі».

– кажуць удзельнікі гістарычных падзеяў.

Сёння ўдзельнікі распавядаюць сваім дзецям і ўнукам, якім страшным коштам ім далася незалежнасць. Хаця казаць цяжка.

«Мы тады ўсе трымаліся разам. І мы кожны год пражываем па-новай тое, што тут было».

«Я спачатку думаў, што гэта проста так, пустымі, халастымі страляюць. І было бачна, што трасіруюць кулі. І потым дзесьці танк стаяў, пачалі крычаць: хуткую, хуткую! Я спусціўся, пабачыў хуткую дапамогу ўнізе, і пабачыў – каля сямі целаў памерлых ляжалі ўжо накрытыя».

– узгадваюць віленчукі.

У гэтую ноч 26 гадоў таму савецкія дэсантнікі пры падтрыманні групы «Альфа» расстралялі з аўтаматаў і пераехалі танкамі 14 абаронцаў незалежнасці. Больш за тысячу чалавек атрымалі раненні. Цяпер расейскія медыі падаюць сітуацыю як правакацыю: нібыта літоўцы самыя сябе пастралялі. Вайскоўцы, вінаватыя ў ваенных злачынствах, пераважна хаваюцца ў Расеі. Іх дасюль не пакаралі, хоць Літва і выдала міжнародныя ордэры на іхны Арышт.

«Канешне, мы будзем пераследаваць тых, хто стаіць за гэтымі злачынствамі супраць чалавечнасці. Бо яны не толькі змагаліся супраць бяззбройных людзей, але яны ў той жа час змагаліся супраць свабоды ў сваёй краіне», – запэўнівае Лінас Лінкявічус, міністр замежных справаў Літвы.

У Беларусі хаваецца былы камандуючы віленскім гарнізонам генерал-маёр Уладзімір Усхопчык. Нягледзячы на ўдзел ва ўзброенай агрэсіі, ён нават быў прызначаны намеснікам міністра абароны.

Хаця сёння і звычайныя літоўцы, і афіцыйныя асобы больш кажуць пра новую агульную пагрозу, чымся аб прэтэнзіях да суседзяў.

«Уладар суседняй краіны ўжо напаў на Украіну і Грузію, і ніхто не ведае, што здарыцца заўтра з іншымі суседзямі Расеі», – нагадвае Вітаўт Ляндсбергіс, першы кіраўнік незалежнай Літвы.

«Усю нашую гісторыю мы змагаліся за свабоду і захавалі нашую ідэнтычнасць. І не важна, з кім, не важна, дзе – мы заўсёды гатовыя дапамагчы ўсім вакол нас і змагацца за нашую свабоду, бо ведаем яе кошт і каштоўнасць», – падсумавала Даля Грыбаўскайце.

Памяць тых, хто абараніў незалежнасць 26 гадоў таму, ушанавалі сёння і кветкамі на могілках, і ўрачыстым паседжаннем у літоўскім Сейме.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».