Жыхар Менску: каб знайсці працу за $ 500, патрэбны Шэрлак Голмз


Жыхарка Менску Вольга Андрончык амаль год шукала працу – фактычна з самага пачатку 2016-га. За гэты час дзяўчыне давялося прагартаць нямала вакансіяў і нават часова папрацаваць у двух розных месцах.

«У адным з іх я папрацавала 10 дзён, у іншым – паўтара месяца. Сышла, бо абяцанні аплаты не суадносіліся таму, што абяцалі. Ну і ўмовы працы таксама не суадносіліся», – узгадвае Воля.

Афіцыйная статыстыка: беспрацоўе ў краіне вырасла нязначна

А дакладна – толькі на 0,1 % ды складае цяпер менш за 1 % ад эканамічна актыўнай часткі насельніцтва. У лічбавым выражэнні колькасць тых, у каго няма афіцыйнай працы, вырасла за студзень – травень усяго на 2 200 чалавек.

«Я студэнтка эканамічнага, мы аналізавалі гэтыя лічбы. А таму, каб не пужаць насельніцтва, дадзеную статыстыку і паказваюць».

«Сярод нашых знаёмых ёсць тыя, хто не можа знайсці дастойную працу, каб карміць сваю сямʼю».

«Трэба шукаць Шэрлок Голмза, каб ён знайшоў заробак у 500 долараў».

– выказваюцца жыхары Менску.

Улады супярэчаць самім сабе

Белстат сведчыць, што колькасць тых, каго сёння афіцыйна лічаць беспрацоўнымі, складае прыблізна 37 500 асобаў на ўсю краіну. Хоць сёлета ўлады налічылі ў Беларусі 470 000 гэтак званых дармаедаў, якія апроч адсутнасці сталага заробку яшчэ абавязаныя плаціць дзяржаве штогадовы падатак памерам Br 460.

Пасля хвалі народных пратэстаў у Менску і рэгіёнах працу дэкрэту № 3 прыпынілі, а сёння скандальны дакумент нарэшце трапіў у адміністрацыю Лукашэнкі на дапрацоўванне. Чаму колькасць дармаедаў і колькасць беспрацоўных адрозніваецца больш як у 10 разоў, улады гэтак і не патлумачылі.

«Людзям, якія становяцца на біржу, трэба вытрымаць вялізныя чэргі. А потым яшчэ хадзіць і самім шукаць гэтую працу. А бываюць такія выпадкі, калі людзей наймаюць на палову стаўкі, чвэрць стаўкі, а ім трэба ехаць за горад. Ён больш праездзіць, чым атрымае гэты заробак. Вось таму людзі і не становяцца на біржу», – тлумачыць Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП.

За год сітуацыя, бадай, толькі пагоршылася

Айчынныя прадпрыемствы ўсё больш пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень, колькасць працоўных месцаў зменшылася, а заробкі, як, напрыклад, на мэблевай фабрыцы ў Ружанах, пра што «Белсат» распавядаў напярэдадні, скаціліся да рэкордна нізкіх $ 30-ці за месяц.

Лукашэнка стаіць на сваім, ліберальная частка грамадства прагне рэформаў. А пакуль людзі шукаюць сабе працу там, дзе існуюць лепшыя ўмовы і дзе можна зарабіць хоць нейкія грошы: пераважна ў суседніх Расеі ды Польшчы. І супрацьстаяць гэтаму адтоку працоўнае сілы з краіны ўлады разам з афіцыйнаю статыстыкаю не ў стане.

Віталь Бабін, «Белсат»