Журналісты «Белсату» адседзелі больш за 400 дзён


Сёлета журналісты «Белсату» правялі за кратамі агулам больш за 400 дзён.

Пятнаццаць дзён у ізалятары ў Баранавічах Іван Куракевіч правёў за тое, што асвятляў марш пенсіянераў у Менску. Хоць асудзілі яго за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пра ўмовы ўтрымання калега распавёў адразу пасля вызвалення.

Іван Куракевіч.
Фота: Facebook

«Нас паставілі ў камеру, дзе было 14 чалавек. Яна была гнілая, цякла вада па сцяне, гэта падвал такі, было ўсё ў цвілі, усе сцены ў цвілі, я калі прачынаўся, у мяне знізу матрац быў мокры, кандэнсат такі. Там, хутчэй за ўсё, і захварэлі, бо там паветра не было, аддыхацца не было як, бо зімна, пасля нас перавялі ў меншую камеру».

У гэты ж дзень у Паставах асудзілі іншага нашага калегу. За сюжэт пра вёску Дразды суддзя Наталля Максімовіч аштрафавала журналіста Змітра Лупача на 47 базавых велічыняў. Гэта найбольшы штраф, які ён атрымліваў у судах: 1269 рублёў.

«Як казаў адзін чалавек, што зараз не да закону, таму суд і прыняў такое рашэнне. На мой погляд, суды ў нас хіба засталіся адным з ня многіх такіх галін, якія працуюць з прыбыткам, прыносяць прыбытак дзяржаве, бо астатняя эканоміка і сельская гаспадарка, відаць, гэтага ўжо не прыносяць».

Цяпер за кратамі ў Жодзіне застаюцца дзве журналісткі «Белсату» – Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Іх вінавацяць у арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Сёлета журналісты «Белсату» правялі за кратамі агулам больш за 400 дзён.

Эльшад Акбераў belsat.eu