Журналісцкая салідарнасць з затрыманым у Расеі Іванам Галуновым


Абвінавацілі ў захоўванні метылэфедрону, затрымалі і моцна збілі. Але ўсё ж пасля трох дзён у ізалятары і вымушанага побыту ў шпіталі расейскага журналіста Івана Галунова выпусцілі пад хатні арышт.

Іван Галуноў быў аўтарам шэрагу рэзанансных расследаванняў пра карупцыю ў Расеі. Журналіст кажа, што наркотыкі яму ў кватэру падкінулі. Калегі звязваюць крымінальную справу з ягонаю прафесійнаю дзейнасцю.

«Мы ведаем, што Ваню паступалі пагрозы, ведаем, ад каго паступалі пагрозы. І мы перадусім будзем вывучаць гэтую лінію самыя. Паколькі мы не вельмі давяраем следству», – зазначыў Іван Калпакоў галоўны рэдактар meduza.io, выдання, дзе працуе Іван Галуноў.

Спачатку паліцыя апублікавала 9 здымкаў з упакоўкамі нібыта ў здымнай кватэры журналіста. Знаёмыя затрыманага адразу сцвердзілі: 8 з дзевяці фота – зусім не з жытла Галунова. Пазней гэта афіцыйна пацвердзілі і самыя сілавікі, маўляў, памылка выйшла. Заснавальніца meduza.io Галіна Цімчанка ў цэлым каментуе справу супраць журналіста наступным чынам:

«Падступная правакацыя ў дачыненні да такога чалавека, як Ваня. Да якога не проста «не прыліпае» – чалавека з бездакорнай рэпутацыяй. З іншага боку, мы ніколі не бачылі такога падтрымання, такога задзіночання журналістаў».

Прытым салідарнасць выказалі не толькі дзеячы з вядомай антыпуцінскай пазіцыяй, як, напрыклад, Віктар Шэндэровіч або Андрэй Макарэвіч. Сваё падтрыманне затрыманаму журналісту засведчылі нават постаці, звязаныя з федэральнымі каналамі: Ціна Кандэлакі і Уладзімір Познэр.

Але журналісцкая салідарнасць не ведае межаў. Сёння да амбасады Расеі ў Варшаве патрабаваць свабоды для Івана Галунова выйшлі мае калегі з тэлеканалу «Белсат».

Выйшлі, бо ўпэўненыя: справа супраць Івана – гэта ўжо не толькі ўнутранае расейскае пытанне.

«Перакананы, што гэта палітычная акцыя застрашвання не толькі нашага калегі, але і ўсіх журналістаў Расеі і постсавецкае прасторы», – кажа Зміцер Ягораў, кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату».

«Тое, што адбылося з Іванам Галуновым, – гэта абсалютна беспрэцэдэнтны выпадак», – лічыць Станіслаў Івашкевіч, аўтар праграмы «Давайце разбірацца».

«Любы аўтарытарны рэжым намацвае межы, да якіх ён можа пайсці. І рэакцыя, пратэст грамадства вельмі часта прымушае яго адкаціцца», – кажа Аляксандр Папко, журналіст «Белсату», палітолаг.

Падтрымалі сёння Івана Галунова і ў Вільні. Адмысловы пікет зладзілі ўдзельнікі форуму Свабоднай Расеі, сярод іх і наш калега Алесь Карніенка, аўтар праграмы «Вечаровы шпіль»:

«Нам гэтая бяда вядомая. У нас журналісты даўно знікаюць, і нашых журналістаў забіваюць».

Так, Івана Галунова будуць трымаць не ў СІЗА, а пад хатнім арыштам. І нават такая мяккая, як на расейскія стандарты, захада ўтрымання – вынік вялікай хвалі абурэнні і салідарнасці. Журналісту па-ранейшаму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu