Журналістку аштрафавалі за акцыю, якой не было


Перашкоды выканання прафесійных абавязкаў і затрыманні, а таксама штрафы ды нават арышты – такія ўмовы працы для журналістаў незалежных медыяў у Беларусі сталі ўжо звыклымі. Сістэматычна ціск зазнаюць і журналісты, што супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам.

Днямі міліцыянты зладзілі пераслед гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага ды ў выніку заблакавалі ягоны аўтамабіль, а аператар Зміцер Гарбуноў адбыў 10 дзён арышту ў ізалятары часовага ўтрымання Берасця.

«Цёмна, святла няма, умовы ўвогуле жахлівыя. Я ніколі не думаў, што да адміністратыўных арыштаваных такое можа быць, ну не стаўленне, а… вось бывалыя людзі кажуць, што ў следчым ізалятары сядзець нашмат камфортней», – дзеліцца ўражаннямі Зміцер.

Адбыўся суд і над журналісткай Вольгай Чайчыц

За асвятленне акцыі ў Барысаве, людзі на якую гэтак і не выйшлі, яе аштрафавалі на 40 базавых велічыняў.

«Я здзяйсняла сваё канстытуцыйнае права на збор і распаўсюд інфармацыі і я мушу заплаціць 920 рублёў. Гэта вельмі вялікая сума», – кажа Воля.

Памеры штрафаў увесь час растуць, а іх колькасць – павялічваецца

Ад пачатку года журналістаў «Белсату» аштрафавалі на амаль Br 14 тыс. Гэтая сума значна большая, чым за ўвесь мінулы год. А да гэтага дадаецца сканфіскаваная тэхніка, без якой нашыя калегі не могуць выконваць сваёй працы.

«Дзяржава, як яна лічыць, найшла вельмі зручны механізм уплыву на нас, як ім падаецца – артыкул 22.9, хоць паводле яго да адказнасці можна прыцягнуць толькі юрыдычную асобу, але суддзі на гэта не звяртаюць увагу, і караюць таксама фізічных асобаў. Напэўна ўлады лічаць, што, даючы такія вялікія штрафы, яны адабʼюць ахвоту ў журналістаў працаваць, бо кожны штраф нашмат большы, чым ганарар за тую працу, якую зрабіў журналіст», – звяртае ўвагу прадстаўнік нашага тэлеканалу ў Беларусі Аляксей Мінчонак.

Калегі з Польшчы прыйшлі на дапамогу

Выплата непамерных штрафаў шмат каму не пад сілу. Рэсурсы дапамогі вычарпала і Беларуская асацыяцыя журналістаў. З падтрымкаю прыйшлі калегі з Польшчы. Тамтэйшы саюз журналістаў адкрыў адмысловы рахунак, куды грошы можа пералічыць кожны неабыякавы. Вылучыла сродкі для рэпрэсаваных і Польскае грамадскае тэлебачанне.

Юлія Лабанава, «Белсат»