Журналістка «Белсату» выратавала бяздомнага чалавека


Усё бліжэй зіма, усё мацней маразы. І ўсё больш людзей рызыкуюць не перажыць гэтую зіму. Гаворка найперш пра бяздомных. Нашыя журналісты даведаліся пра гісторыю аднаго беларуса, які шукаў і знайшоў выратаванне. З пэўнаю дапамогаю ад Вольгі Чайчыц.

Андрэй Чудук, бяздомнік:

«Мяне завуць Андрэй. Мне 34 гады. У мяне ёсць рукі, і я кожны дзень раблю. Але я бяздомны. Я сірата, і мне няма куды падзецца. Начую на прыпынках, але не ў Менску, таму што ганяе міліцыя. Учора я ездзіў у манастыр Лядскі. Там не было месца. Мяне не прынялі, і мне прыйшлося далей начаваць на прыпынку».

Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр. Тут пішуць, што дзверы заўжды адчыненыя для людзей, якім патрэбная дапамога. І што прымаюць не толькі паломнікаў. Таму мы Андрэя падвезлі сюды. Андрэй Чудук расказвае:

«Я калі яшчэ зайшоў, там мужчына выйшаў, ці манах, ці хто, і кажа: «Сюды без дабраслаўлення заходзіць нельга!» Кшталту, бярыце дазвол, каб зайсці да настаяцеля. Як быццам я прыйшоў да караля. Папрасіць хацеў дапамогі. Прыйшоў да духоўнага чалавека, а мне духоўны чалавек кажа, я яму патлумачыў: дакумент – ёсць, рэгістрацыі – няма, так і так, дзетдомаўскі, падзецца няма куды, мне жыць няма дзе. Ён кажа: у нас тут не дом бяздомнікаў, пакарміць – калі ласка, і ідзіце з Богам».

Без дабраслаўлення Андрэя прынялі ў «Доме міласэрнасці» Ордэну Маці Тэрэзы ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну.

«Правіла нашай супольнасці – прыняць любога чалавека, непажаданага, нелюбімага. Мы не ставім пытанне, якога веравызнання, для нас кожны – хрысціянін, дзіця Божае, таму прымаем любога чалавека. Даем прытулак, каб яны зноў атрымалі чалавечую годнасць», – кажа Аляксей Шчадроў, апякун прытулку.

Прытулак існуе ўжо сем гадоў за кошт ахвяраванняў. Аляксей Шчадроў тлумачыць:

«Дапамагаюць, хто чым можа – хто ежаю, хто фінансамі, нейкія ахвяраванні робяць, хтосьці адзенне прывозіць, і так кожны сюды штосьці прывозіць, частку сваёй любові ўкладае».

Аляксей сам лечыць, апранае, даглядае бесхацінцаў. Узімку – у час мацнейшых маразоў, тут знаходзяць прытулак да некалькіх дзясяткаў асобаў. Тамара Калеснікава, пастаяліца прытулку, распавядае:

«Мы накормленыя, спім у цяпле. Самае галоўнае, каб чалавек знайшоў сябе і не падаў так нізка. Галоўнае падтрымка».

Падтрымаць прытулак можа кожны. Праз рэквізіты (унізе артыкулу) або проста рэчамі, неабходнымі людзям, каб перажыць гэтую зіму. Найбольш не стае прадметаў гігіены, пральнага парашку, крупы і цукру. Інфармацыя аб тым, як можна дапамагчы «Дому міласэрнасці», – таксама і на нашай старонцы.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu

Картка «Беларусбанку»

4255200578286627, Віза Класік, да 01.2019.

Тэлефон Аляксея +375333882858