Журналіст, якога збілі міліцыянты, мусіць заплаціць за пабоі


Выбары ў мясцовыя саветы запомняцца Адрусю надоўга. Спачатку – разбітая галава, цяпер – штраф памерам 30 базавых велічыняў.

«Мы будзем абскарджваць гэты незаконны прысуд, таму што рашэнне міліцыянтаў, старшыні камісіі былі незаконныя. І бліжэйшым часам падамо ў гарадскі суд скаргу», – зазначыў Андрусь Козел.

Перад гэтым было збіццё, ноч на Акрэсціна і першы судовы працэс, у выніку якога суддзя Іван Касцян скіраваў справу на дапрацоўванне.

Андруся затрымалі ў дзень мясцовых выбараў на выбарчым участку

У ролі даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты ён намагаўся зафіксаваць фальсіфікацыі з дапамогаю мабільнага тэлефона.

Але на ягоным шляху стаў прапаршчык міліцыі Уладзіслаў Бушынскі.

«Ён мэтанакіравана кінуў мяне на дзверы. Я галавой ці плячом разбіў гэтыя дзверы. І пасля 3 удары было па галаве і па нырках», – узгадвае Андрусь.

Паводле міліцыянтаў, Козел здымаў незаконна і перашкаджаў у падліку галасоў. Прадстаўніца выбарчай камісіі, прысутная на судзе, ад каментароў адмовілася.

Журналіст дзейнічаў у межах закону

На рашэнне суддзі не паўплываў нават факт, што беларускае заканадаўства не забараняе праводзіць фота- і відэаздымкі на выбарчым участку.

«Андрусь Козел абсалютна законна праводзіў відэаздымкі. І мы бачылі па відэа, што ён прасіў патлумачыць, чаму яму забараняюць гэтае відэа, прасіў супрацоўнікаў міліцыі прадставіцца. Але нічога гэтага не было зроблена. То бок мы бачым тыповае парушэнне заканадаўства з боку дзяржавы, але пакараны чамусьці журналіст», – заявіў Барыс Гарэцкі з «Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Яшчэ адзін суд

Давесці сваю рацыю ў судзе сёння спрабаваў і журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач. Ён падаў касацыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд на пастанову раённага суда Докшыцаў.

Напрыканцы студзеня суддзя Вячаслаў Елісеенка пакараў фрылансэра на 40 базавых велічыняў за сюжэт, які выйшаў на «Белсаце».

«Суддзя Іванова, якая сёння разглядала маю справу, яна не прыслухалася да маіх аргументаў пра тое, што я не з’яўляюся аўтарам матэрыялу, аўтарам матэрыялу зʼяўляецца рэдакцыя», – даводзіць Зміцер.

Толькі сёлета Змітра Лупача судзілі тройчы. Агулам з пачатку года журналісты «Белсату» атрымалі 16 штрафаў паводле артыкулу «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў».

І калі штрафы за праўду можна аплаціць, то што рабіць з аргументам сілы? Калі імкненне данесці інфармацыю прыводзіць да разбітай галавы аб дзверы выбарчага ўчастку?

Вольга Жарнасек, «Белсат»