Аб'ектыў 13.12.2016 Жорсткія прысуды для 17-ці удзельнікаў наркасіндыкату, які «крышаваў» КДБ


Эмоцыі ў Менскім гарадскім судзе білі цераз край. Родныя і сваякі асуджаных да апошняга не вераць у іхную вінаватасць, але суддзя Сяргей Хрыпач ставіць кропку ў гучнай справе наркагандлю, вядомай як «справа 17-ці», зачытаўшы прысуд.

Галоўныя абвінавачаныя – праваахоўнікі

За кратамі – асобы рознага ўзроўню: ад шараговых наркагандляроў да лідара злачыннае групоўкі. Усе разам яны стварылі магутную сетку гандлю наркотыкамі ў Беларусі і Расеі. Тэрміны зняволення – ад двух да 20-ці гадоў, большасці – у калоніях узмоцненага або строгага рэжыму. Найбольш за кратамі правядзе лідар групоўкі – Канстанцін Вілюга – 20 гадоў.

«Суд першай інстанцыі фактычна прыйшоў да высновы, што ў Беларусі ўсё ж такі існавала наркамафія, – распавядае журналіст «Белгазеты» Віктар Федаровіч. – Асноўным момантам гэтай справы канешне ж зʼяўляецца тое, што галоўнымі абвінавачанымі ў справе былі супрацоўнікі праваахоўных органаў».

І менавіта дзякуючы патранаванню з боку двух працаўнікоў КДБ – Вераценскаму ды Карыцкаму, якія атрымалі 15 і 14 гадоў, адпаведна. І былога міліцыянта Дзенісевіча, які правядзе за кратамі 14 гадоў, злачынцы пазбавіліся канкурэнтаў на наркатычным рынку. Бо злачынцы ў пагонах па наводцы арыштоўвалі прадстаўнікоў іншых наркагруповак. І нават рабілі адмысловыя экспертызы ў Дзяржаўным крыміналістычным цэнтры на замову «сваёй» наркасеткі.

Сіндыкатам кіраваў малады хлопец

Дзякуючы такой супрацы наркадылераў і праваахоўнікаў, групоўка зарабіла з 2011-га года, толькі паводле выкрытых фактаў, прынамсі $ 1.7 млн.

«Усю гэтую злачынную арганізацыю стварыў і кіраваў ёй Канстанцін Вілюга. Малады хлопец, калі сыходзіць з матэрыялаў справы, стварыў яе ў 2011 годзе, і яму было толькі 26 гадоў. Якім чынам, ён здолей на свой цёмны бок перацягнуць вопытных аператыўнікаў, якія чамусьці прадаліся яму», – кажа Віктар Федаровіч.

Як маладзён здолеў займець падтрыманне працаўнікоў спецслужбаў у званні маёраў ды падпалкоўніка? Якім чынам аддзячваў ім? І ці толькі ім? Усе гэтыя пытанні засталіся ў паветры. Бо на адкрытым паседжанні суда гэтых пытанняў і суд, і абвінаваўчы бок пазбягалі. Што ж адбывалася на закрытых паседжаннях – застаецца таямніцаю.

Хоць падчас судовых працэсаў галоўны фігурант справы звяртаўся да кіраўніцтва КДБ з просьбаю сустрэцца: маўляў, маю для вас шмат цікавай інфармацыі нават не ў межах «справы 17-ці». Аднак, суддзя тады спыніла абвінавачанага і папрасіла выказвацца выключна паводле справы.

Родныя не вераць следству

«Не прымалі да ўвагі нічога, ніякія аргументы абароны. Таму вельмі негатыўна, несправядліва! У нас няма правасуддзя ў Беларусі».

«Што тут каментаваць!? Прыцягнулі за вушы! Нічога не даказана».

Абвінавачанне: «ніякіх саступак» для такога роду злачынстваў не будзе

«Гэтыя асобы непасрэдна ўваходзілі ў злачынную групоўку. Гэтыя асобы непасрэдна ўдзельнічалі ў забеспячэнні дзейнасці групоўкі, тымі сіламі і сродкамі, якія яны мелі», – даводзіць Алег Буйлянкоў з Генеральнай пракураты.

Акрамя прызначаных тэрмінаў пазбаўлення волі, амаль ува ўсіх 17-ці асуджаных сканфіскуюць маёмасць. А былых працаўнікоў спецслужбаў і міліцыі суд пазбавіў афіцэрскіх званняў. Ды забараніў ім цягам пяці гадоў займаць пасады ў органах правапарадку і ўлады. Толькі вось колькі яшчэ ў самой уладзе засталося такіх «праваахоўнікаў», прынамсі пакуль, не вядома.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары