Жорсткі прысуд групе нацыстаў Тэрор-Машыны


Сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за групавое рабаўніцтва, раздзіманне расавай і нацыянальнай варажнечы, апаганьванне помнікаў абаронцаў айчыны, захоўванне парнаграфіі з мэтай распаўсюду і злоснае хуліганства. Віцебскі абласны суд агучыў вырак былому байцу добраахвотніцкага полку «Азоў» Станіславу Ганчарову. Яшчэ сямёра фігурантаў закрытага працэсу атрымалі тэрміны ад аднаго года абмежавання да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў злосным хуліганстве.

Здекаваліся з дзяцей

«Тут лагічна для ўладаў было б зрабіць усё максімальна празрыста. Бо наколькі мы можам зразумець з таго, што мы ведаем, фармальныя падставы для прысуду былі. Магчыма, не такога жорсткага, але былі. Чаго ж баяцца? А паколькі яны баяцца і закрываюць працэс, то ў нас у грамадскасці ўзнікаюць пытанні», – зазначыў Зміцер Галко, вайсковы карэспандэнт на Данбасе.

Яшчэ ў 2013-м годзе Ганчароў разам з іншымі футбольнымі фанатамі дэманстратыўна здзекаваўся з двух 13-цігадовых падлеткаў за іх антыфашысцкія погляды. Відэаролік, выкладзены ў інтэрнэт, пазней і паклаўся ў падмурак абвінавачання.

Хто такі Тэрор-Машына?

Шырока ж вядомы баец батальёну «Азоў» з красамоўнай мянушкай Тэрор-Машына зрабіўся толькі пасля ягонага арышту ў красавіку летась, калі 20-гадовы беларус-добраахвотнік вярнуўся з Украіны на радзіму. Шырокі розгалас справе дадалі і адкрытыя нацысцкія погляды Ганчарова, распаўсюджаныя, зрэшты, па абодва бакі фронту на Данбасе.

«Што да распаўсюджанасці неанацыстаў – такой статыстыкі няма. Зразумела, што дастатковая колькасць іх маецца ўва ўзброеных сілах як Украіны, гэтак і акупацыйнага кантынгенту Расейскай Федэрацыі на акупаваных частках Украіны», – распавёў Дзяніс Івашын з беларускай службы «Informnapalm».

Сепаратыстаў не кранаюць, фанатаў прэсуюць

Між тым, калі супраць беларусаў, якія ваююць на ўкраінскім баку, на радзіме распачынаюць крымінальныя справы, удзельнікі сепаратысцкіх фармаванняў удома пачуваюцца спакойна ды аніякага пераследу не зазнаюць. Пры гэтым, заўважае рэдактар «Інформнапалму» Дзяніс Івашын, гэткі розны падыход улады маюць не толькі да цяперашніх удзельнікаў аднае вайны, але і да патэнцыйных, узяўшы курс на разбурэнне ўсяго каляфутбольнага руху ў Беларусі. Гэтак, ажно 12 гадоў калоніі запатрабаваў днямі пракурор для фігурантаў іншага працэсу над фанатамі-антыфашыстамі з клубу «Партызан».

«Улады вывучылі для сябе досвед Майдану, калі падчас Рэвалюцыі Годнасці самы дзейны чынны ўдзел бралі футбольныя фанаты», – дадае спадар Івашын.

Пры гэтым на актывізацыю мілітарызаваных прарасейскіх арганізацыяў у нашай краіне, а таксама на ўдзел беларускіх падлеткаў у вайсковых зборах у Расеі, што ладзяць тамтэйшыя нацысты, улады вочы старанна заплюшчваюць.

«Гэта не толькі падвойныя стандарты. Гэта нейкая злачынная нядбайнасць. І не толькі мы ведаем, але нават і Аляксандр Рыгоравіч ведае, адкуль сыходзіць вайсковая пагроза. Ён ужо адкрыта пра гэта кажа. Дык можа ў нас Аляксандр Рыгоравіч сам па сабе, а сілавыя вораны – самыя па сабе? Ці Аляксандр Рыгоравіч папросту тлуміць нам галаву, што ён усё разумее?», – звяртае ўвагу Зміцер Галко.

Адказаў жа на гэтыя пытанні не даў нават сённяшні вырак у Віцебску.

Валеры Руселік, «Белсат»