Жонка памерлага ў СІЗА будзе патрабаваць кампенсацыю


Алена Цярэшчанка, жонка памерлага днямі ў сценах СІЗА нумар 1 Андрэя Цярэшчанкі, намераная знайсці адказных, а таксама патрабаваць ад дзяржавы маральнай ды матэрыяльнай кампенсацыі за заўчасную смерць мужа. Хворы на цукровы дыябет мужчына, паводле сведчанняў, у жодзінскай турме 7 разоў трапляў у кому, аднак усцяж не было згоды на палёгку ва умовах адбывання пакарання.

Са смерці мужа мінула ўсяго чатыры дні, спадарыні Алене цяжка сабрацца з думкамі, але ўжо трэба думаць пра дзень заўтрашні:

«Яны яго замучылі там. Калі ён і павінен быў памерці, то не там, а тут».

45-гадовага Андрэя Цярэшчанку сёлета ў лютым асудзілі на паўтара года зняволення за паўторнае кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Ужо падчас судовага разгляду яго шпіталізавалі з абвастрэннем цукровага дыябету.

15 лютага суд не прыняў да ўвагі стан здароўя Андрэя і скіраваў яго ў жодзінскую турму. Цягам наступных трох месяцаў здароўе мужчыны рэзка пагоршылася. Хоць у пракуратуры і дэпартаменце адбывання пакарання сцвярджалі, што хворы вязень атрымлівае неабходную медычную дапамогу.

«Яны там не спраўляліся. Абсалютна не спраўляліся. І таму перыядычна ён трапляў у іх жодзінскую гарадскую больніцу. Як сказалі канваіры, быў там сем разоў», – кажа Алена Цярэшчанка.

Толькі ў сярэдзіне траўня Цярэшчанку перавялі ў СІЗА нумар адзін для больш інтэнсіўнага лекавання. Але было запозна, праз 10 дзён Алене паведамілі пра смерць мужа ў выніку крывацёку і няздатнасці нутраных органаў. Афіцыйная прычына смерці не высветленая. Але нават калі справа дойдзе да суда, надзвычай складана высветліць усе акалічнасці здарэння.

Андрэй Бандарэнка, «Платформ Інавэйшн», дырэктар:

«Цяпер сітуацыя такая, што да гэтага факту пачынаюць прыглядацца, але практыка такая, што гэта кругавая парука, і абарона гонару мундзіра тут на першым плане. Хаця ёсць такія выпадкі, як у справе з Пцічкіным, што работнікі ўстановы прыцягваюцца да адказнасці, але гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў».

Пры гэтым сям’я памерлага ў «Валадарцы» Ігара Пцічкіна толькі праз 4 гады атрымала ад дзяржавы кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды. Праўда, у 5 разоў меншую за чаканую.

Для спадарыні Алены пытанне вінаватых таксама актуальнае, але спачатку яна хоча даведацца, што перажыў ейны муж, пакуль быў у жодзінскай турме. Жанчына рыхтуецца да доўгага бюракратычнага і судовага змагання.

Алесь Залеўскі, belsat.eu