Дзе грошы? ЖКГ робіць фальшывыя рамонты дамоў


Дом на вуліцы Панамарова ў Менску зазнаў доўгачаканы капітальны рамонт, але не ў поўным належным аб’ёме. Са скаргамі жыхары звярталіся ў Міністэрства ЖКГ, Менскі гарвыканкам, Міністэрства архітэктуры, Камітэт дзяржаўнага кантролю ды Адміністрацыю прэзідэнта, але адусюль атрымалі адпіскі. Падалі скаргу ў суд, ды каб і гэтым разам іхныя праблемы не праігнаравалі, звярнуліся да «Белсату».

«Парушана дамова ад 1998-га года паміж уласнікам ЖРЭА, тады яшчэ эксплуатуючай арганізацыяй, якая была на момант прыватызацыі кватэр, парушаны жыллёвы кодэкс, у прыватнасці артыкул 96, 97, артыкул 221, парушаны нашыя правы як спажыўцоў», – суха пералічвае юрысконсульт і жыхар дому Аляксандр Палееў.

Якія канкрэтныя прэтэнзіі да ЖКГ?

Дом – пабудаваны ў 1972-ім годзе – сёлета ўпершыню зведаў гэтак званы капітальны рамонт, хоць яго неабходна было рабіць кожныя 25 гадоў. Паводле дамовы, ЖКГ абавязанае было ўцяпліць фасады, але зрабілі толькі тарцы ды замазалі стыкі ў панэлях, але па-ранейшаму сцены прапускаюць холад, мокнуць, распаўзаецца цвіль.

«Якасці, груба кажучы, няма, калі паглядзець на сцяну, як зарабілі швы ў панэлях. Яны зарабілі, і ясна бачна, гэтыя два дні былі маленькія дажджы, можна нават сказаць дажджу і не было, а марасіла, а сцяна падцякае», – абураецца жыхар дому Юрый Дзьячкоў.

Жыхары сцвярджаюць, што пасля рамонту не забяспечанае нармальнае функцыянаванне інжынерных сістэмаў: забітай вентыляцыі нават не прачышчалі, аварыйнай праводкі не змянялі, сістэма ацяплення знасілася, батарэі цякуць, замяняць іх самастойна жыхары не могуць, і ў часе рамонту гэтага не зрабілі. А на ўсё гэта жыхары маюць права.

Фармальнасці, паперы, фармальнасці… Дзе грошы?

Людзі скардзяцца, што акт абследавання, якое праводзілі на замову ЖКГ для вызначэння неабходных працаў для капітальнага рамонту, зрабілі фармальна і без удзелу ўласнікаў кватэраў.

Уласнікі падлічылі: за тыя грошы, што яны спраўна сплочваюць цягам 45-ці гадоў, можна было зрабіць не адзін якасны капітальны рамонт, а таму паўстае пытанне: куды знікаюць іхныя грошы ды чаму паслугі зробленыя не ў поўным аб’ёме?

На сённяшнім паседжанні прадстаўніца ЖКГ патлумачыла, што ўсе працы не былі выкананыя, бо гэта пацягнула б перавышэнне дапушчальнага ліміту выдаткаў. Але ці ўсе сродкі былі патрачаныя, патлумачыць не змагла.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»