Жаночыя ланцугі салідарнасці


Сёння ў Менску ды іншых гарадах краіны ў абедзенны перапынак жанчыны выйшлі на вуліцы і сталі ў ланцугі салідарнасці. Патрабаванні простыя: Лукашэнка – у адстаўку, свабоду палітвязням і новыя сумленныя выбары.

Ланцугі салідарнасці сёння зноў сабраліся ў Менску. У абед жанчыны з кветкамі выйшлі з офісаў да найбліжэйшых дарог.

Жыхаркі Менску:

«Сёння мы выйшлі падтрымаць пратэсты ў Беларусі, а таксама падтрымаць усіх тых палітвязняў, якія застаюцца за кратамі, якія пакутуюць за нас, за беларускі народ. Гэта самае малое, што мы можам зрабіць».

«Ды я ўсё жыццё, колькі я жыву ў Менску, 65 гадоў, хадзіла. Я і з Пазняком хадзіла, я хадзіла і ў 2009, і ў 2010. Я была супраць нашага рэжыму, гэтай лжывасці, няпраўды – усё жыццё». «Мы супраць фальсіфікацыі выбараў. Мы хочам, каб у краіне правялі сумленныя выбары, каб Лукашэнка пайшоў, каб мы вызваліліся ад яго нарэшце і пачалі будаваць новую Беларусь».

Не спынілі жанчын ні кіраўнікі, ні амапаўцы. Стаялі ў ланцугах салідарнасці да апошніх хвілінаў свайго перапынку. Дзеля пратэставага руху гатовыя былі зусім адмовіцца ад абеду.

Жыхаркі Менску:

«У прынцыпе, цяпер не самае галоўнае – паспець з’есці. Калі адбываюцца такія падзеі, галоўным робіцца трошкі іншае».

«У мяне, дзякуй богу, прыватнае прадпрыемства. І людзі да гэтага нармальна ставяцца. Ну, баімся – усе баяцца. А што рабіць? Даводзіцца. Я ўжо чалавек не маладой – сярэдняга пакалення. Я хачу, каб нашы дзеці жылі добра. Каб мой сын спакойна сябе адчуваў у гэтай краіне».

«Усе баяцца, але калі мы не будзем нічога рабіць, гэта будзе працягвацца».

10 тыдняў таму адбыліся першыя жаночыя пратэсты. 10 тыдняў жанчыны выходзяць на вуліцы па ўсёй Беларусі ды патрабуюць, каб Лукашэнка сышоў у адстаўку, а ў краіне спыніўся ґвалт і вызвалілі палітвязняў. Жанчыны абяцаюць выходзіць зноў і зноў, пакуль іхных патрабаванняў не выканаюць.

Міхаіл Прановіч belsat.eu