Жаночае золата: як здабываюць золата жыхаркі самага залатаноснага раёну Перу


Эва Чура жыве ў самым высокім паселішчы свету – Ля-Рынканада ў Перу. Зарабляе на жыццё жанчына, як і тысячы ейных суседак, не на мясцовых промыслах і не на турыстах. Жыхаркі Ля-Рынканады працуюць «паллякерас» – яны шукаюць золата ў адкідах з шахтаў, дзе працуюць мужчыны.

«Цяпер золата няшмат. Цягам тыдня можна знайсці адзін ці два грамы, і вельмі рэдка шчасціць знайсці тры ці чатыры грамы. Гэта не так, як раней», – распавядае Эва Чура.

Ля-Рынканада месціцца на вышыні больш за 5 кіламетраў над узроўнем мора, тут не растуць ядомыя расліны, а яшчэ тут разрэджанае паветра і тэмпература рэдка перавышае нуль градусаў. На пачатку двухтысячных гадоў тут знайшлі залатую жылу, і вёска за паўтара дзесяцігоддзя ператварылася ў мястэчка для пяцідзесяці тысяч жыхароў. Горадам назваць яго складана, бо тут няма ні мясцовых уладаў, ні пошты, ні паліцыі, ні інфраструктуры. Затое шмат дылераў, якія скупляюць золата.

«Калі б не гэтая праца, я не змагла б даць сваім дзецям адукацыі. Бо вы ж ведаеце, у горадзе ці на любой іншай працы плацяць вельмі мала. Гэтага недастаткова», – тлумачыць жыхарка Ля-Рынканады Кармэн Інафуэнтэ.

Золата, якое здабываюць у Перу, яшчэ да пазамінулага года трапляла ў ланцугі продажу сусветна вядомых брэндаў, вытворцаў мабільных тэлефонаў або ювелірных вырабаў. Кожны пярсцёнак з гэтага золата – гэта 250 тонаў горнай пароды, выкід паўкілаграма ртуці ў навакольнае асяроддзе і чалавечыя жыцці. Штогод каля 30 шахцёраў гінуць праз абвалы шахтаў.

«Замежныя кампаніі толькі ўкладаюць грошы. Але яны не ведаюць, як здабываецца золата, колькі тут смерцяў. Яны не ведаюць пра ўмовы працы, пра захворванні. Калі я раблю ўскрыццё, з колеру лёгкіх я бачу, колькі гадоў чалавек працаваў у шахце», – распавядае доктар Нэльсан Гадэя.

Перу ёсць найбуйнейшым вытворцам золата ў Паўднёвай Амерыцы. Паводле справаздачы аддзелу фінансавых расследаванняў Кіраўніцтва банкамі і страхаваннем Перу, абʼём незаконнага гандлю каштоўным металам у 2015 годзе прынамсі ўдвая перавысіў абʼём гандлю наркотыкамі ў краіне і склаў амаль чатыры з паловай мільярды долараў. Частку гэтага золата здабылі жанчыны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»