Жанчыны ў белым супраць міліцыянтаў у чорным


Тысячы кабет на вуліцах Менску, акцыі салідарнасці ў Гомлі і Горадні, збор подпісаў у Віцебску. Гераінямі суботы зрабіліся нашыя жанчыны. Пра тое, як і чаму яны выйшлі на вуліцы гарадоў, распавядзе Аляксандр Папко.

«Верым, можам, пераможам!» і «Не забудзем, не даруем!» – на менскіх вуліцах гучала рэха жаночых галасоў. Тысячы кабет з бел-чырвона-белымі сцягамі, прарываючы ланцугі міліцыянтаў, прайшлі па цэнтры сталіцы.

«Мы выходзім супраць гвалту, за адстаўку дзейнага прэзідэнта, за новыя выбары, за суды над усімі вінаватымі ў гвалце і фальсіфікацыі выбараў».

«Калі нашых мужчынаў затрымліваюць, то будуць выходзіць жанчыны. Жанчын будуць затрымліваць – выйдуць мужчыны. Мы цяпер заўсёды будзем выходзіць. Гэта непазбежна», – кажуць удзельніцы шэсця.

Супраць іх улады выставілі аўтазакі, жаўнераў унураных войскаў і нават машыны з калючым дротам. Падчас шэсця затрымалі журналістаў радыё «Свабода», «Deutsche Welle» і нашага тэлеканалу.

У ланцуг салідарнасці з усімі пацярпелымі ад уладаў сталі жанчыны Гомля.

«Мне 26 гадоў, я 26 гадоў не ведаю іншага прэзідэнта. Упершыню за 26 гадоў жыцця я пайшла прагаласавала. За каго – хай застанецца ў таямніцы. Але мой голас скралі!» – абураецца ўдзельніца ланцуга салідарнасці.

На плошчы, дзе меліся сабрацца кабеты, улады зладзілі выставу жывапісу. Пад’ехалі міліцыянты.

«А чым палохаюць? Яны ўжо не ведаюць, чым палохаць: 15 соднямі, штрафамі», – іранізуе іншая ўдзельніца акцыі ў Гомлі.

У цэнтры Віцебску тым часам пачалі збіраць подпісы пад заявай за адкліканне чатырох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Адну з валанцёрак затрымала міліцыя.

Пад чырвона-зялёнымі сцягамі ў прысутнасці дзяржаўных тэлеканалаў і расейскага «Russia Today» раніцаю стартаваў аўтапрабег «За единую Беларусь». Падтрымаць Аляксандра Лукашэнку адправіліся каля ста аўтамабіляў.

«Пуцін і Лукашэнка яны ж як дамовіліся, што гэта агульная бітва – бітва на заходняй мяжы!»

«У 1941-м яны прыйшлі нас зняволіць. Не атрымалася. Цяпер яны ідэалагічна нас няволяць». – «Хто, немцы?» – «Прычым тут немцы? А хто сюды прыйшоў у 1941-м, вы ў курсе?»

«Я прыйшоў не супраць пагрозы, а паўдзельнічаць у акцыі за стабільную, квітнеючую, за спакойную Беларусь!» – тлумачаць удзельнікі аўтапрабегу.

Цалкам знішчаныя радыятар, капот і фары, пагнутыя заднія дзверы – так выглядае «Таёта» сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі пасля ўчорашняга сутыкнення з удзельнікамі аўтапрабегу на падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі. На думку Віталя Рымашэўскага, праўладныя актывісты так адрэагавалі на налепку з Пагоняю.

«Справакаваў ДТЗ на службовай машыне адзін з начальнікаў будаўнічага ўпраўлення гораду Менску. Гэта быў «Мерседэс» бізнес-класу. Затым маю машыну пратараніла адна з машынаў з чырвона-зялёным сцягам. Яны рухаліся ў калоне. Пасля гэтага некалькі машынаў спыніліся, узялі мяне ў «каробачку», кіроўцы мне пагражалі і кінуліся да мяне біцца», – распавядае палітык.

Па Менску праехаліся не толькі праўладныя аўтамабілісты, але і байкеры з бел-чырвона-белымі сцягамі. А ў Горадні на знак салідарнасці жанчыны ў двух гандлёвых цэнтрах спявалі «Купалінку». Тым часам палітыку Мікалаю Статкевічу, які за кратамі ўжо тры месяцы, утрыманне пад вартаю працягнулі яшчэ на два. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Фота: ТК / belsat.eu