Жанчына атрымала хімічны апёк на працы. Кіраўніцтва ёй пагражае


Працаўніца гомельскага філіялу «Дарбудманатжтрэсту» Надзея Буслава атрымала хімічны апёк сеткавіцы падчас рамонту будынку – раствор вапны трапіў ёй у правае вока. У лякарні жанчыне адразу выдалі бальнічны, а на працы, са словаў Надзеі, прапанавалі аплаціць лячэнне ды адправіць у пансіянат на рэабілітацыю. Праўда, з адной умоваю: калі яна скажа, што ў гэты дзень узяла адгул, а вока пашкодзіла ўдома.

Паводле Надзеі, ёй пагражалі не працягнуць кантракту

Звальненнем шантажавалі ў выпадку, калі прыхаваць здарэнне яна адмовіцца. Жанчына звярнулася ў прафсаюз РЭП, каб эксперты дапамаглі ёй аформіць заяву ў дэпартамент працы з патрабаваннем правесці расследаванне.

«Наймальнік вядзе сябе так, як усе наймальнікі і вядуць: галаву ў пясок і ўсё, пужаюць, што і кантракт не працягнем, і выплат не атрымаеш, пуцёўку дамо, калі будзеш слухаць нас», – з веданнем справы пракаментаваў выпадак прафсаюзны актывіст Леанід Судаленка.

Потым, зараз не да гэтага, пачакайце, троху пазней

Галоўны інжынер прадпрыемства паведаміў, што расследаванне яны і так плануюць правесці, але не цяпер.

Колькасць траўмаў і смяротных выпадкаў на працы цягам апошніх год застаецца стабільна высокая – так, летась на працы пацярпелі амаль паўтары тысячы чалавек. Праваабаронцы мяркуюць, што працадаўцы імкнуцца схаваць выпадкі траўматызму на прадпрыемстве, каб не псаваць статыстыкі, а работнікі, у сваю чаргу, пагаджаюцца на прапанаваныя кампенсацыі, бо не ўяўляюць маштабу шкоды.

Паводле закону, усе наймальнікі страхуюць адказнасць за жыццё і здароўе працаўнікоў, таму калі траўму прызнаюць вытворчай, то кошт лячэння выплачвае страхавая кампанія. Але калі экспертыза прызнае наймальніка вінаватым, то работнік мае права на кампенсацыю маральнай шкоды.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: TUT.BY