Жалоба замест святкавання


У Дзень незалежнасці Беларусі замест святкавання ў Маладзечне – жалоба. Сотні чалавек прыйшлі развітацца з 28-гадовым Мікітам Крыўцовым, які загінуў пасля трапленя ў логава АМАПу. Бабуля Мікіты не захоўвае слёзаў і нянавісці да тых садыстаў, якія пазбавілі ейнага ўнука жыцця:

«Гэта зрабіў АМАП», – сцвярджае сваячка загінулага.

«Хай гараць у пекле тыя людзі, якія забілі майго ўнука і ператварылі яго ў кавалак мяса».

Сямʼі доўга не аддавалі цела хлопца, не выклікалі на апазнанне, і толькі сёння бацька Мікіты пабачыў цела, якое змянілася за гэты час. Судова-медычны эксперт падкрэсліў, што цела відавочна вельмі моцна пацярпела.

«Адбыліся выразныя гніласныя змены мяккіх тканак цела, паказаліся косці».

Але мы запомнім Мікіту такім, якім ён быў на пратэсце ў Маладзечне 12 жніўня. Маладзён насупраць сілавікоў з бел-чырвона-белым сцягам. Пасля гэтага ён знік, цела знайшлі праз 10 дзён. Паводле Следчага камітэту, ён павесіўся. Жыхары Маладзечна, адкуль Мікіта Крыўцоў паехаў у Менск, абураюцца гэтым зларадным выпадкам і не вераць у афіцыйныя версіі сілавых органаў.

«Што б нам ніякія следчыя не казалі, быццам бы гэта ён сам зрабіў, гэта хлусня абсалютная. Мы бачым, як яны зараз праводзяць гэтыя следчыя дзеянні».

«Я не веру, што Мікіта мог накласці на сябе рукі. Мне здаецца, што нехта дапамог».

«Усе перакананыя, што гэта бязмежжа АМАПу. Я вельмі спачуваю сям‘і. Прыйшла з акцыі салідарнасці падтрымаць».

«Пры гэтай уладзе знайсці вінаватых і пакараць – немагчыма».

«Самі разумееце як у нас працуе заканадаўства і ў чый бок».

«Але мы ўжо мы не тыя, ужо рэжым нас не зломіць, таму што мы прагнем свабоды, мы прагнем волі. І Бог з намі. Мы пераможам! Жыве Беларусь! Жыве Айчына!»

Раненні ў розныя часткі цела, мінна-ўзрыўныя, ірваныя, колата-рэзаныя раны, тэрмічныя апёкі, разрыў барабаннай перапонкі, таксічнае ўздзеянне газаў, вывіхі ды пераломы – такія дыягназы ставілі медыкі тым, хто звярнуўся па дапамогу ў паслявыбарчыя дні. І незлічоная колькасць катаванняў і пагрозаў ад сілавікоў. Затрыманы 10 жніўня жыхар Магілёва Вадзім Гулевіч з жахам распавядае пра свавольства людзей у чорным, якія здзекаваліся сапраўды цынічна.

«Хтосьці там сказаў: «А давайце яму засунем у дупу дубінку». І прыставілі дубінку. Я кажу: «Хлопцы, вы што тут, звяры нейкія? Што вы робіце?»

Нягледзячы на злачынствы, здзейсненыя міліцыяй, Следчы камітэт не распачаў ніводнай крымінальнай справы, ніводзін з сілавікоў за збіццё, катаванні ды забойствы ўдзельнікаў мірнага сходу не быў пакараны.

Вольга Старасціна, «Абʼектыў»