Жалоба ў Магнітагорску: ахвяраў более


Сёння ў Чэлябінскай вобласці Расеі пачалася жалоба па загінулых у Магнітагорску. На гэты момант колькасць загінулых дасягнула 26 асобаў. Лёс яшчэ 15 асобаў не вядомы. Пасля выбуху маршрутнага таксі ўчора ўвечары ўсё ў тым жа Магнітагорску шэраг мясцовых медыяў кажуць пра магчымы тэракт у шматпавярховым доме.

Учора ўначы ў Магнітагорску адбыўся яшчэ адзін выбух. На скрыжаванні дзвюх вуліцаў загарэлася маршрутнае таксі. Відавочцы сцвярджаюць, што чулі страляніну. Падобныя гукі чутныя і на відэароліках, распаўсюджаных у інтэрнэце.

Афіцыйна ўлада Чэлябінскай вобласці заявіла аб пажары аўтамабіля «Газэль» у выніку імавернага выбуху балона з газам, які перавозілі ў аўце. Аднак мясцовыя медыі, са спасылкаю на ўласныя крыніцы, выставілі і версію тэракту. Ні МУС, ні ФСБ версіі тэракту ў аўтамабілі пакуль не пацвердзілі.

Сёння ж зранку жыхары Магнітагорску ўвесь дзень неслі знічы і кветкі да месца трагедыі 31 снежня. Колькасць загінулых расце па меры таго, як з-пад завалаў дастаюць целы.

«Навясныя канструкцыі захоўваюцца, бо яны пагражаюць жыццям працаўнікоў МНС Расеі, якія працуюць на месцы, і, адпаведна, будзе прымацца рашэнне, як іх дэмантаваць у далейшым», – тлумачаць ратаўнікі.

Працы ўскладняюцца і марозам – у Магнітагорску ўдзень мінус 14 градусаў, а ўначы тэмпература апускаецца да мінус дваццаці.

Учора з-пад завалаў выратавалі адзінаццацімесячнае дзіця, якое з абмаражэннямі і закрытай чарапной траўмаю было эвакуявана ў Маскву.

«Я да ратавальнікаў падышоў, пачаў сам разграбаць. Яны нібыта стаяць. Я паказаў, дзе ён канкрэтна можа быць», – кажа Яўген Фокін, бацька выратаванага хлопца.

Цяпер дзіця перабывае ў НДІ неадкладнай дзіцячай хірургіі і траўматалогіі. Прэзідэнт установы Леанід Рашаль заявіў, што пакуль апераваць дзіця не плануюць – спачатку яго трэба вывесці з цяжкага стану.

«На галаве ад сціскання гематома павярхоўная, аднавілі гемастаз, водны баланс, выправілася дзіця, бо былі першапачаткова запалыя вочы, цемечка запалае, нашмат лепшая ножка», – кажа Вераніка Скварцова, расейская міністарка аховы здароўя.

У пункце часовага размяшчэння працуюць больш за сто пяцьдзясят валанцёраў. Апроч таго, прыходзяць гараджане і жыхары найбліжэйшых населеных пунктаў, прыносяць харчы і вопратку. З пацярпелымі ды іхнымі блізкімі працуюць псіхолагі і святары. Пахаванні загінулых будуць праходзіць пасля правядзення судова-медычных экспертызаў, таму дакладнай даты афіцыйна пакуль не называюць.

Усевалад Шлыкаў, Ігар Віняўскі, belsat.eu