Жахлівыя катлеты і дыктат выхавацелек. Дарослы спектакль пра дзяцінства – у Купалаўскім


Што можа быць больш кранальным за ўспаміны дзяцінства? Як маленькі чалавек бачыць свет, і што з маленства пакідае след на ўсё жыццё? Першая бясконца любімая цацка і ненавіснае малако з пенкай – такое не забываецца! Падарожжа ў самыя драматычныя і кранальныя ўспаміны дзяцінства ў прэм’еры спектаклю «Першы» рэжысёра Рамана Падалякі.

Летась рэжысёр прапанаваў гледачам і акторам Купалаўскага тэатру згадаць першыя падзеі ў жыцці – першае сяброўства і першы пацалунак, першую прастуду і паездку на мора, падарунак і крыўду на бацькоў. З гэтага воблака мілых, смешных, а часам балючых успамінаў і паўстаў спектакль «Першы» у жанры вэрбатым.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Для актораў гэта быў новы досвед, якому яны вучыліся «па дарозе», распавядае Крысціна Дробыш, акторка:

«Гэта вельмі інтымныя чыесьці ўспаміны, твае вельмі інтымныя, і гэта каштоўныя ўспаміны, з якімі трэба вельмі акуратна сябе паводзіць».

Акторы граюць не дзяцей, а дарослых, якія некалі былі малымі. Дэкарацыі і строі ў стылі рэтра, але без прывязкі да часу, бо дзяцінства падобнае ва ўсіх пакаленняў, кажа рэжысёр Раман Падаляка:

«Хочацца туды вярнуцца, бо кожны дзень быў падзеяй, кожны дзень быў насычаны нейкімі эмоцыямі, кожны дзень быў незвычайны. Вось хочацца вярнуць гэтае адчуванне свету як першы раз».

Сапраўдны бунт супраць сістэмы – уцёкі з дзіцячага садка, катаванне рыбнымі катлетамі, воўк з ценю ад мамінай рукі на сцяне і першае ўсведамленне смерці – спектакль, бы сеанс псіхааналітыка, пераносіць нас у самую шчымлівую пару і ажыўляе ўласныя карцінкі з дзяцінства, пагаджаюцца гледачы:

«Успомніла новы год, ялінку, я стаю і распавядаю нейкі вершык».

«Калі ў спектаклі дзеці збеглі з дзіцячага садку, у мяне навярнуліся слёзы. Не ведаю, чаму вакол людзям было весела, а мне было вельмі сумна».

«У маім дзяцінстве было ўсё тое самае! Трэба было з’ядаць гэтыя жахлівыя катлеты, трэба было піць гэтае дзікае малако. Быў дыктат гэтых выхавацелек дзіцячага садка».

Найбліжэйшы паказ спектаклю на камернай сцэне Купалаўскага ўжо 23 студзеня.

Аляксандра Дорская belsat.eu