Згортваецца апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў Сянно


Апошняе прадпрыемства, якое дае працу ў горадзе Сянно, паступова згортваецца. Сырны завод, што належыць дзяржаўнаму прадпрыемству «ВоршаСырЗавод», абяцаюць зачыніць ужо ўвесну. Мясцовыя ўлады тлумачаць, што няма сыравіны для перапрацоўкі. Насамрэч малако ёсць – аднак у сенненцаў яго забіраюць.

Працаўнікі сырнага заводу ў Сянне – у адчаі. Фактычна з пачатку студзеня на прадпрыемстве абвешчаны прастой, а з найбліжэйшага панядзелка – на няпоўны працоўны дзень перавядуць і спецыялістаў. Працаўнік сырнага заводу, Сянно:

«З 28-га чысла ўсіх спецыялістаў перавялі на трохгадзінны працоўны дзень. Астатнія застаюцца ў прастоі. Атрымліваюць 2/3 тарыфнай стаўкі».

З заводу паступова звальняюць людзей. Працаўнікі сырнага заводу:

«Яны скараціць нас не могуць, паколькі 120 чалавек – гэта будзе масавае скарачэнне. Яны нас вырашылі прыбраць па частках – учора прыехалі, апавясцілі 20 чалавек пад скарачэнне, за два месяцы нас ужо апавясцілі. Ну і астатняя партыя, я думаю, гэтак жа сыдзе, як і гэтая».

«Учора вырвалі самы касцяк заводу – сушылку, апаратны цэх – хіба гэта справядліва? Людзі ўсё жыццё аддалі, працавалі на гэтым заводзе. А цяпер ідзі куды? У Расею едзь, дармаедам быць?»

Адміністрацыя прадпрыемства тлумачыць, што скарачэнні выкліканыя адсутнасцю сыравіны для загрузкі вытворчых магутнасцяў цэху. Працаўнікі ж заводу ўпэўненыя, што малака ў раёне хапае. Працаўнік сырнага заводу, Сянно:

«Сыравіна ёсць, малако ёсць у раёне, але наша малако адбіраюць іншыя раёны і забіраюць у Лепель, у Віцебск, а нам – не трэба працаваць».

Пра сваю праблему сенненцы заяўлялі чыноўнікам усіх узроўняў. Працаўнікі сырнага заводу, Сянно:

«І нашыя праблемы нікому наагул… Усе адмахваюцца, старшыня райвыканкаму сказаў, што ў яго ад нас адзін галаўны боль, аблвыканкам таксама».

«Мы пісалі лісты, звярталіся ў Менск, лісты адпраўлялі і ў Віцебск, і гэта апошняе, куды мы можам звярнуцца, – гэта на тэлебачанне».

Пра лёс сырнага заводу не паклапаціліся ні службоўцы, ні дзяржаўныя прафсаюзы. Ігар Комлік, незалежны прафсаюз РЭП:

«Напэўна, гэтыя людзі ўваходзяць у прафсаюз, які ўваходзіць у Федэрацыю прафсаюзаў. Тое, што яны засталіся без абароны і звяртаюцца ў як бы віртуальную прастору, а не да сваіх прафсаюзных лідараў, – то гэта паказальны прыклад».

Неафіцыйна работнікам паведамілі, што да траўня цэх закрыецца цалкам. А ў Сянне дэфіцыт працоўных месцаў, таму людзі не хаваюць абурэння. Працаўнікі сырнага заводу:

«Вы скарачаеце – добра. Але дайце іншую працу. А яе ніхто не дае. Проста выкідваюць на вуліцу людзей».

«Астатніх жа няма ў нас іншых арганізацыяў, няма куды ісці. Прапаноўваюць у Янава ездзіць працаваць на спіртзаводзе. Як туды ездзіць? 51 кіламетр».

Самі людзі не змогуць дабрацца да аддаленых месцаў, не хочуць і пакідаць сем’яў і пераязджаць у іншае месца дзеля працы. Ігар Комлік, незалежны прафсаюз РЭП:

«Людзей у Сянне будуць скарачаць, і яны зноў прыйдуць у разрад дармаедаў. У той час, як гаворыцца пра тое, каб займаць іх нейкім чынам, працай. І зноў на іх павесяць тыя недапрацоўкі, якія мае ўлада».

Паколькі сенненцы не маюць перспектывы працаўладкавацца ў сваім горадзе – у іх ёсць адзіная просьба. Працаўніца сырнага заводу, Сянно:

«Дайце нам працу, вярніце нам малако, мы будзем са сваім старым абсталяваннем працаваць як можна, але толькі каб у нас была праца».

Ганна Мордань, belsat.eu