Збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты прайшоў з аншлагам у Менску


Не зважаючы на пандэмію каронавіруса, на плошчы ля Камароўскага рынку ў сталіцы – небывала шматлюдна. Шэраг ініцыятыўных групаў распачаў збор подпісаў за вылучэнцаў у кандыдаты на прэзідэнцкія выбары. Каб падтрымаць патэнцыйных кандыдатаў, людзі станавіліся ў даўгія чэргі ажно ад выхаду з метро «Плошча Якуба Коласа».

Чаму менчукі прыйшлі на пікеты?

«Падтрымаю тых кандыдатаў, якія ідуць супраць сістэмы, якія не ёсць сістэмнай апазіцыяй».

«Паказаць нейкую сваю грамадзянскую пазіцыю ў тым ліку. Паказаць, што падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў, не толькі аднаго, які ў нас апошнія 26 гадоў».

«І судовую, і выканаўчую і вярхоўную ўладу, усё цалкам трэба змяняць. Трэба і Канстытуцыю вярнуць да ранейшага ўзору, каб не было такога: я праўлю, колькі хачу».

Ужо на падыходзе да рынкавай плошчы Сяргея Ціханоўскага – аўтара папулярнага блогу «Страна для жизни» – абступілі прыхільнікі. Ён прыйшоў сустрэцца з патэнцыйнымі выбарнікамі замест зарэгістраванага вылучэнца – сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, а таксама выказаць салідарнасць з аштрафаванымі ды асуджанымі на содні актывістамі.

«Я не клічу людзей на выбары. Я клічу людзей ставіць свой подпіс за сумленныя выбары без Лукашэнкі. То бок, калісьці ў Беларусі, можа ў наступным годзе, у Беларусі будуць сумленныя выбары. Трэба разумець, колькі людзей ёсць, колькі нас падтрымлівае, колькі гатовыя дзейнічаць», – заявіў Сяргей Ціханоўскі.

Выкарыстаць дзейны этап выбарчай кампаніі, каб легальна праводзіць пікеты без дазволу ўладаў, – нязменная стратэгія Мікалая Статкевіча.

«Беларусы, выходзьце! Нішто вас не ўратуе: ні нейкі там кандыдат, ні герой, ні Расея, ні Захад. Прыйдзецца рабіць усё самым. Выходзьце да нас, далучайцеся. Пакуль гэта бяспечна», – кажа ініцыятар кампаніі «Кандыдат пратэсту» Мікалай Статкевіч.

Адзіны зарэгістраваны з 30-ці гэтак званых «кандыдатаў пратэсту» Статкевіча, – Уладзімір Няпомняшчых. Сваіх падпісантаў ён агітуе за байкот.

«У тым выпадку, калі Лукашэнка не здыме сваёй кандыдатуры і Ярмошына застанецца на гэтай пасадзе, я заклікаю людзей не хадзіць на выбары. Каб участкі былі пустыя, толькі гэтак мы зможам змесці гэтую ўладу», – распавёў Уладзімір Няпомняшчых.

Бліз рынку працавалі прадстаўнікі іншых патэнцыйных кандыдатаў – Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Уласны пікет зладзіла сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Вольга Кавалькова. Ейны былы супернік у гэтак і не завершаным вылучэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі – Юрый Губарэвіч – правёў пікет у Берасці, дзе не сціхае пратэст супраць акумулятарнага заводу. Нават у дождж на галоўнай плошчы гораду сабралася каля сотні чалавек.

«Мы не ставім за мэту збіраць подпісы, бо падчас каронавіруса гэта не тое што нерэальна, гэта яшчэ і злачынна – разносіць заразу па кватэрах. Аднак інфармацыйныя пікеты, на якіх мы можам размаўляць з людзьмі, паказваць пэўныя інфармацыйныя матэрыялы, збіраць подпісы за перанос выбараў – гэта адна з нашых галоўных мэтаў, будзем праводзіць», – сказаў Юрый Губарэвіч.

Збор подпісаў у Горадні напярэдадні распачаў і патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта – бізнесовец Сяргей Чэрачэнь. Агулам вылучэнец распавёў пра сабраныя пакуль тры тысячы подпісаў.

«Мы цяпер займаемся тым, што хочам паказаць людзям, што ёсць адэкватныя людзі, адэкватная каманда. Мы хочам весці нашую краіну ў новую Беларусь, і мы гэтым цяпер і займаемся. Займаемся камандным будаўніцтвам. Чым больш нас будзе, тым больш шанцаў, што ў Беларусі адбудуцца перамены», – патлумачыў Сяргей Чэрачэнь.

Пікеты разам са зборам подпісаў працягнуцца да 19-га чэрвеня. На наступным тыдні анансаваныя – сустрэча ў Слуцку з Сяргеем Ціханоўскім у панядзелак, і мітынгі-пікеты «кандыдата пратэсту» ва ўсіх буйных гарадах у наступную нядзелю.

Юлія Лабанава, «Белсат».