Збітыя сілавікамі абаронцы Курапатаў рыхтуюць скаргі ў пракуратуру


Шасцёра актывістаў Курапацкай варты, на якіх у нядзелю напалі сілавікі, будуць дамагацца расследавання справы. Яны падрыхтавалі адпаведныя скаргі ў праваахоўныя органы і пракуратуру. Ці ёсць шанцы на аб’ектыўнае расследаванне?

Як кажуць абаронцы Курапатаў, яны збіраліся раздаваць інфармацыйныя ўлёткі наведнікам рэстарану «Паедзем паядзім», аднак гэтая спроба скончылася затрыманнем і збіццём шасці ўдзельнікаў.

«Калі мы ехалі ў Бараўлянскі РАУС, адзін з працаўнікоў АМАПу скакаў па мне і сядзеў на мне, а таксама ціснуў нагой на шыю Змітру Казакевічу. І ўсё гэта яны здымалі на відэакамеру, таму я хачу звярнуцца да міністра МУС: няхай тыя працаўнікі прынясуць яму адзнятае відэа пра ўсе гэтыя здзекі, і няхай ён паглядзіць, як працуюць працаўнікі ўнутраных справаў», – кажа збіты абаронца Курапатаў Віталь Трыгубаў.

Усе пацярпелыя атрымалі фізічныя траўмы, якія зафіксавалі медыкі. Але ў выніку чацвярых – Дзяніса і Максіма Урбановічаў, Віталя Трыгубава і Валерыя Рабцава – суд дадаткова звінаваціў у хуліганстве і пакараў штрафамі. А кандыдата ў дэпутаты Змітра Казакевіча выбарчая камісія пазбавіла рэгістрацыі.

«Я не пайшоў у адпачынак для правядзення выбарчай кампаніі. Але за гэтае парушэнне мне давалі папярэджанне раней, і гэта не было падставай для зняцця мяне з выбараў. А вось цяпер, пасля гэтых падзеяў, гэты факт стаўся падставаю для зняцця. У сапраўднасці ж мяне знялі для таго, каб судзіць, як і іншых хлопцаў, не як кандыдата ў дэпутаты, а як звычайнага актывіста», – паведаміў збіты абаронца Курапатаў, кандыдат у дэпутаты Зміцер Казакевіч.

Пацярпелы ў інцыдэнце Дзяніс Урбановіч, які атрымаў моцную траўму шыі, ад імя паплечнікаў таксама просіць звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на выкананне правоў чалавека і хаду выбараў у Беларусі.

«Хачу звярнуцца да незалежных назіральнікаў, да АБСЕ, што выбары не могуць быць дэмакратычныя, пакуль парушаюцца правы чалавека ў Беларусі, калі збіваюць кандыдата ў дэпутаты. Не зважаючы на паказанае пасведчанне. Гэта рэпрэсія ў дачыненні кандыдата Казакевіча», – гаворыць пацярпелы абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч.

Заявы расследаваць факты неправамерных паводзінаў нападнікаў пацярпелыя абаронцы Курапатаў падрыхтавалі таксама ў пракуратуру, Следчы камітэт і міліцыю.

Галіна Абакунчык belsat.eu