Заводы спрабуюць баставаць


Канфлікты рабочых з адміністрацыяй, сілавікі на вуліцах, заторы на дарогах. Так выглядаў першы дзень нацыянальнай забастоўкі, абвешчанай Святланай Ціханоўскай.

Пустыя цэхі і гнеўныя размовы з начальствам. «Горадня Азот», «Інтэграл», «Атлант», «Белкамунмаш», Менскі электратэхнічны, Менскі маторны завод – іх рабочыя раніцай спрабавалі спыніць працу.

«Гэта, хлопцы, сіла! Вялікая сіла! Велізарныя малайцы хлопцы з Горадні – там такая «жэсць» адбываецца! АМАП, нібыта гестапа, заганяў людзей на працу! І пры гэтым хлопцы не здаюцца!» – захапляецца сябра Каардынацыйнай рады Сяргей Дылеўскі.

Не менш за 13 працаўнікоў «Горадня Азоту» затрымалі. Рабочых цэхаў «Аміяк-3» і «Карбамід-4» гэта не напалохала, і яны пачалі страйк. Бастуе і адзін з цэхаў Менскага электратэхнічнага заводу. Прамысловы гігант МАЗ, тым часам, працуе як звычайна.

«Таму што не было асобнага цэху, дзе адчувалася б адзінства. Калі ў кожным цэху страйкаваць збіраюцца па тры асобы – то вакол усе працуюць, а ты не такі, як усе. Гэта прэс псіхалагічны!» – тлумачыць адзін з працаўнікоў заводу.

Схіліць сваіх калег да страйку не змагла і група рабочых МТЗ. Заўтра паспрабуе ізноў – кажа відавочца.

«Як выявілася, там «Тэлеграмам» амаль ніхто не карыстаецца. Пра дапамогу ведаюць, але ведаюць дрэнна, баяцца, што фонды ўсё роўна не спрацуюць. Шмат страхаў у людзей», – паведаміла валанцёрка Вераніка.

Працаўнікі Парку высокіх тэхналогіяў двойчы блакавалі кальцавую аўтадарогу. Разганяць іх прыязджалі ўзброеныя сілавікі.

Агульнанацыянальны страйк абвесціла ад сёння Святлана Ціханоўская. Мэта пратэсту – вызваленне палітвязняў і адстаўка Лукашэнкі. Ці мае сэнс баставаць? Меркаванні беларусаў падзеленыя.

«Я толькі за! Забастоўка – гэта адзін са спосабаў выказаць сваё меркаванне».

«Лукашэнка можа і не правы! Але ж гэта не прычына, каб так выстаўляцца! Можна ж і яго павярнуць у наш бок! Ён сам гэта разумее!»

« 35 гадоў адпрацавала! Застанемся без пенсіі з-за вас цяпер!»

«Гэта вартая справа, з тае простае прычыны, што наш фюрар у дадзеным выпадку нахабнічае!» – выказваюцца жыхару Віцебску.

Спыніць працу Святлана Ціханоўская заклікала не толькі рабочых, але і прадпрымальнікаў, культурных ды рэлігійных дзеячаў. У цэнтры Берасця зачыненыя многія крамы, кавярні і майстэрні. Адна з іх – «Залаты майстар». Уладзіслава Абрамовіча, яе гаспадара, затрымалі разам з жонкай 11 жніўня на парозе ўласнай майстэрні.

«Мне рэальна было страшна ісці дадому пасля працы, бо мяне маглі проста схапіць. І я вырашыў, што мне прасцей не папрацаваць пару дзён, чым заплаціць 30 або 50 базавых», – тлумачыць уладальнік майстэрні.

Страйк краіны не паралізаваў – канстатуе лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Аднак пратэст будзе працягвацца.

«Мы зараз займелі магчымасць кантактаваць з сур’ёзным пластом сённяшняга працоўнага класу. Я хачу сказаць толькі адно: я захапляюся гэтымі людзьмі. Гэта новая генерацыя абсалютна прасунутых, развітых людзей», – цешыцца Аляксандр Ярашук.

Найбольшую палітычную актыўнасць, прынамсі ў сталіцы, паказалі сёння студэнты і пенсіянеры. На заклік пачаць страйк і выйсці на вуліцы адгукнуліся тысячы чалавек.

Аляксандр Папко belsat.eu