Завод «ВМГ Індустры» пад Магілёвам павялічыць магутнасць


Рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» завод «ВМГ Індустры» плануе нарошчваць магутнасці працы. Жыхароў магілёўскага раёну і самога гораду гэта трывожыць, бо экалагічны стан ваколіцаў, а перадусім якасць паветра і так моцна церпяць ад заводаў.

У пасёлку Вейна на грамадскім абмеркаванні павелічэння магутнасці прадпрыемства «ВМГ Індустры» 29 з 69 прысутных выказаліся супраць. Працэдуру галасавання давесці да канца не далі: пытанні пра тое, хто згодны і хто ўстрымаўся, вядоўца сустрэчы зняў.

«Галасаванне арганізаваў з адною мэтаю, бо ўлік грамадскай думкі пры грамадскіх абмеркаваннях абсалютна нівеляваны заканадаўствам. Гэта, па сутнасці справы, фармальная працэдура, якая не ўплывае на канчатковы вынік», – кажа жыхар Магілёўскага раёну Дзмітрый Яўстратаў.

Дрэваапрацоўчае прадпрыемства «ВМГ Індустры» уваходзіць у свабодную эканамічную зону «Магілёў» і збіраецца павялічваць магутнасць вытворчасці гнутаклееных вырабаў з 25 тысяч кубаметраў да 48 тысяч кубаметраў за год.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Стан атмасфернага паветра ў раёне размяшчэння прадпрыемства захаваецца ў межах дапушчальнай канцэнтрацыі, наўпроставае шкоднае ўздзеянне аб’екту на водныя рэсурсы адсутнічае», – каментуе эколаг праекту, прадстаўніца таварыства «Энэка» Алена Сакалоўская.

Паводле мясцовага жыхара Дзмітрыя Яўстратава, на мяжы санітарна-ахоўнай зоны ўжо гранічна дапушчальная канцэнтрацыя ў самых небяспечных паказніках: дыяксіду серы і аксіду азоту.

Жыхары ж Вейна і Магілёва скардзяцца на невыносны пах:

«Пах ад гэтага заводу жудасны, дробнадысперсны пыл, у іх там стаяць цыклоны, а фільтры ў іх не стаяць».

«Мы едзем на працу – у нас сіняя смуга, мы нічога не бачым, але ўчора і сёння завод не працуе, стаіць – вельмі прыгожа».

«Гэта не проста пах нейкага пілавання, відавочна, хімічныя складнікі там прысутнічаюць. Для здароўя вельмі некарысна».

У адказ на пытанні пра ўедлівыя пахі прадстаўнік «ВМГ Індустры» прадэманстраваў шчапу, якую спальваюць на прадпрыемстве. Гэтае пракаментаваў інжынер па ахове навакольнага асяроддзя «ВМГ Індустры» Сяргей Савіцкі:

«Практычна ўся маса, якая як паліва выкарыстоўваецца, – гэта чыстая драўніна. Дамагчыся 100 % аддзялення, каб увогуле нічога не трапіла ў паліва, у чыстую драўніну, мы не можам».

Экалагічныя актывісты, якія вялі кампанію супраць зʼяўлення ў свабоднай эканамічнай зоне заводу «Омск Карбон Магілёў», таксама выказалі свае заўвагі і да «ВМГ Індустры».

«Гэта дрэнна, што столькі вады выкарыстоўваецца для тэхнічных патрэбаў, і нашыя рэкамендацыі – каб гэтае прадпрыемства пераходзіла на тэхнічную ваду», – кажа прадстаўніца Абʼяднанай грамадзянскай партыі Таццяна Сівачэнка.

Актывісты адзначылі адкрытасць адміністрацыі «ВМГ Індустры» да дыялогу ў параўнанні з кіраўніцтвам таго ж «Омск Карбону» і падалі заяву на правядзенне грамадскай экалагічнай экспертызы прэзентаванага праекту. Афіцыйную згоду ад «ВМГ Індустры» яны ўжо атрымалі. Гэтаксама завод чакае дзяржаўная экалагічная экспертыза, толькі пасля яе можна рэалізоўваць праект.

Вольга Васільева belsat.eu