Завод у Берасці: міністр сустрэўся з блогерамі


Амаль сто пытанняў і больш за пяць гадзінаў размовы – чацвёра берасцейскіх актывістаў, якія прэзентавалі пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу, сустрэліся з міністрам прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Худыкам.

Распавядае Аляксандр Кабанаў, блогер, «Народны рэпарцёр»:

«Сустрэча была ў пашыраным складзе, то бок апроч нас было 26 асобаў. Было і цяжка, і нейкія маральныя моманты, і на крык пераходзілі. На многія рэчы ўвагі не звярнулі, на многія пытанні мы адказу не атрымалі, што-нішто канешне разабралі».

Акумулятарны завод у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» будуе прадпрыемства «АйПаўэр». На заводзе, размешчаным ля некалькіх вёсак, за два кіламетры ад рысы гораду, плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасць небяспечнай і заяўляюць пра парушэнні на будове.

Пратэсты супраць заводу працягваюцца са студзеня. Мясцовыя ўлады шмат разоў забаранялі акцыі, а актывістаў, блогераў і журналістаў каралі арыштамі і штрафамі. Але за гэты час актывісты сабралі каля 40 тысяч подпісаў супраць шкоднай вытворчасці, сустракаліся з кіраўніцтвам гораду і прадстаўнікамі фірмы-забудоўніка, разаслалі некалькі соцень зваротаў у розныя інстанцыі.

Блогер Аляксандр Кабанаў працягвае:

«Пратэстуюць акурат супраць фактаў, адкрытых у працы прадпрыемстваў у гарадах нашай краіны, у Пінску, Белазёрску. Знойдзеныя факты дзяржаўнага маніторынгу забруджвання глебы. І пад ціскам гэтых фактаў і арганізаваная сустрэча».

Са словаў Аляксандра Кабанава, міністр падчас сустрэчы неаднаразова падзякаваў актывістам за тое, што яны робяць працу эколагаў, але папракнуў, што шмат інфармацыі ў іхных запытах – неаб‘ектыўная. А паводле актывіста, чыноўнікі карыстаюцца дакументацыяй і інструкцыямі яшчэ савецкага часу.

Але не ўсе пратэстоўцы лічаць шлях перамоваў з уладамі правільным.

«Худык недзеяздольная асоба, ён не прымае рашэнняў. Яму далі каманду выклікаць людзей, яны ведаюць, што Дзям’ян Лепясевіч і Дзмітрый Бекалюк штосьці накапаюць. І яны накапалі, яны прафесійныя хлопцы. А цяпер чыноўнікі будуць задаваць пытанні і дазнаюцца, што яны яшчэ ведаюць. А потым скарэктуюць так, што потым ніякім судом нічога даказаць нельга», – тлумачыць Фёдар Петрусевіч, грамадскі актывіст.

Пасля таго, як у сярэдзіне снежня стануць вядомыя вынікі другой дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праекту, міністр абяцаў зноў сустрэцца з пратэстоўцамі. На заводзе тым часам мантуюць абсталяванне, і ўжо ў студзені плануецца пробны запуск.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu