Завод мяса для «МакДоналдсу» раззлаваў жыхароў Лагойску

На скрыжаванні вуліцаў Індустрыяльная і Заводская ў Лагойску мае паўстаць мясаперапрацоўчы завод плошчай адзін гектар. Гэтак мясная вытворчасць акажацца за некалькіх дзясяткаў метраў ад жылых дамоў.

Новы завод мае папоўніць шэрагі раней збудаванай у межах гораду сеткі прамысловых прадпрыемстваў. Мясцовыя жыхары сабралі чатырыста подпісаў супраць. І вось што яны кажуць

«У нас тут тры фармацэўтычныя заводы, завод па гальваніцы, «Амкадор»: тут выкіды. Вятры ў асноўным у бок гораду і накрывае ўвесь раён. Паставіць яшчэ адзін завод – гэта мяжа».
«Мы супраць гэтага заводу, бо ў нас дзеці, унукі – усім трэба жыць, працаваць».
«Мы хацелі, каб нам тут рынак зрабілі, бо няма, каб чыста было. Супраць, усе супраць гэтага заводу – мы супраць!».

Завод збудуе кампанія «Фуд Таўн Бел», каб вырабляць мясныя паўфабрыкаты для сеткі хуткага харчавання «МакДоналдс» у Беларусі і пастаўляць прадукцыю за межы краіны. Падчас грамадскіх слуханняў, зарганізаваных у Лагойскім доме культуры, мясцовым жыхарам паведамілі: паколькі прадпрыемства не мае аналагаў на тэрыторыі Беларусі, то на яго не распаўсюджваюцца дзейныя санітарныя нормы. А калі няма нормаў, то няма і парушэнняў. Такіх, як адлегласць паміж жылымі дамамі і будучым заводам, што складзе прыблізна 30 метраў.

«Вы кажаце нам пра нарматывы – як на паперы. Людзі вам кажуць, як не спраўляецца каналізацыя і пра іншыя праблемы, бо людзі тут жывуць і ўсё бачаць. Вось вам пяцьдзясят чалавек прыйшлі, а яшчэ чатырыста подпісаў. І вось вы мне патлумачце, чаму вы ідзяце на канфлікт, калі ўсе супраць? Не будзе тут дабра», – сказаў адзін з мясцовых жыхароў падчас сходу.

Людзей абурыў і той факт, што завод падлучаць да сістэмы гарадской каналізацыі. У той час як іхным дамам да яе доступу не даюць: маўляў, не стае каналізацыйных. Кампанія-забудоўнік не падзяляе засцярог мясцовых.

«У адпаведнасці з заканадаўчымі нормамі мы атрымалі гэты ўчастак. Правялі сур’ёзную працу і ўжо інвеставалі сродкі, у тым ліку перадпраектныя распрацоўкі. І вы зараз вось так проста… Мы праводзім слуханні, бо гэта чарговы этап у адпаведнасці з заканадаўствам», – кажа Максім Вяткін, дырэктар «Фуд Таўн Бел».

Кіраўніцтва гарадской адміністрацыі ў Лагойску абяцае разгледзець закранутыя падчас сходу пытанні, аднак не разумее сутнасці канфлікту:

«Бачу, што народ супраць. Супраць чаго? Як вы думаеце, супраць чаго? Супраць таго, што яны заробяць грошы і дапамогуць сваім дзецям атрымаць адукацыю, пабудаваць жыллё, займець сям’ю? Яны супраць гэтага?»

Паводле мясцовых жыхароў, у нарматыўных дакументах сцвярджаецца, што прадпрыемства разлічанае на шаснаццаць працоўных месцаў. Таму прычына зацікаўленасці ў абраным месцы будаўніцтва – не інтарэсы жыхароў», – кажа Аляксандр Ласевіч, старшыня Лагойскага райвыканкаму.

«Гатовыя інжынерныя сеткі. Дваццаць гадоў таму мы цягнулі інжынерныя сеткі ад газаразмеркавальнай станцыі да сваіх дамоў. Нам капейкі ніхто не дапамог. Нашай сям’і, калі дзеці раслі, газаправод абышоўся 1200 долараў. А тут – на ўсё гатовае: вада ёсць, газ ёсць, каналізацыя ёсць: чаму б не?», – кажа Ірына Вярбіцкая, мясцовая жыхарка і лідар ініцыятыўнай групы.

Жыхары Лагойску звярнуліся з лістом да кіраўніцы прэзідэнцкай адміністрацыі Наталлі Качанавай, а таксама да Лукашэнкі, аднак адказу не атрымалі.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Глядзі таксама