Завод ля дому без грамадскіх абмеркаванняў і пашпарту абʼекту. Новы выпадак пад Салігорскам


Пабудавалі дамы ў крэдыт, каб жыць у ціхім і экалагічным месцы, а неўзабаве даведаліся: пад вокнамі, ля дзіцячых пляцовак, паўстане завод металаканструкцыяў. Бо так вырашылі чыноўнікі ў выканкаме. З праблемай, знаёмай для беларусаў у шмат якіх гарадах, сутыкнуліся жыхары пасёлку Новы пад Салігорскам.

Салігорск вядомы не толькі калійнымі шахтамі, але і шчыльнасцю насельніцтва. Паводле колькасці гараджанаў на квадратны кіламетр горад шахцёраў стаіць побач з Парыжам і Калькутай. Так што пабудаваць свой дом у пасёлку побач з мяжой гораду – гэта мара шмат для каго з салігорцаў. Але ў жыхароў пасёлку Новы мару раптоўна забралі.

«Унучаты мае алергічна хворыя. А тут пад бокам пачалі будаваць завод», – ледзь не плача пенсіянер Аляксандр Турчынак, які 30 гадоў адпрацаваў на «Беларуськаліі».

«З нашага акна цяпер від не на лес, якому мы так радаваліся, а на бетонны плот з калючым дротам. Штораніцу мы прачынаемся пад шум нейкай будоўлі, працуе тэхніка, яны залівалі бетон. Працы пачаліся, хоць, наколькі мы ведаем, ніякага дазволу ў іх няма, генплану няма, а яны пачалі працу» – кажа шматдзетная маці Елена Грыцкевіч.

Вуліца Бярозавая ў пасёлку Новы – гэта 500 метраў ад салігорскай вуліцы Кастрычніцкая, за крамай «Віталюр». Самыя звычайныя людзі: шматдзетныя сем’і, ветэраны працы на рудаўпраўленні набывалі надзелы на аўкцыёнах і ў крэдыт. Побач была зямля аграрнага прызначэння і старая ферма, але зямлю праз прыватную фірму прадалі таварыству «Салігорскспецмантаж», даччыную кампанію холдынгу «Пасат». «Салігорскспецмантаж» ужо зрабіў будаўнічую пляцоўку заводу металаканструкцыяў з бетонным плотам і калючым дротам. Але без пашпарту абʼекту.

«Нам побач хочуць паставіць вытворчасць апрацоўкі металу. Прычым з буйнагабарытнымі дэталямі, казлавым кранам, пескаструямі, зваркай, лакафарбавымі працамі», – абураецца жыхарка пасёлку Вольга Турчынка.

«Ніводнай абʼявы, нас ніхто не запрасіў, не паведаміў, што тут плануюць будаваць нейкае прадпрыемства, нейкі завод», – кажа мясцовы жыхар Генадзь Уласевіч, які працуе электрамеханікам.

Паводле закону, пашпарт абʼекту на будоўлі – абавязковы, тлумачыць юрыстка з грамадскага абʼяднання «Экадом» Таццяна Сініца. А жыхароў пасёлку ўлады раёну мусілі паінфармаваць пра план развіцця:

«Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праводзіцца не для ўсіх прамысловых абʼектаў. Ёсць у законе аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе дакладны спіс, для якіх абʼектаў яна мусіць праводзіцца. І менавіта гэтая ацэнка абмяркоўваецца з насельніцтвам», – тлумачыць юрыстка.

У законе, аднак, пазначана, што мусіць быць экалагічная экспертыза для абʼектаў прамысловасці, звязаных з вытворчасцю прыладаў працы, у якіх не вызначаны базавы памер санітарна-абароннай зоны. Жыхары пасёлку хвалююцца, што экалагічныя праблемы ад новага заводу не абмяжуюцца шумам машын і дымам ад зваркі.

«Вады ў нас сваёй няма, бяром ваду адсюль, выкапалі свае калонкі. Цяпер яны хочуць тут выкапаць на 90 метраў скважыну. Гэтая скважына забярэ і нашую ваду, у нас вада знікне. Потым зробяць ачышчальныя», – хвалюецца Аляксандр Турчынак.

А што рабіць? Мясцовым уладам скардзіліся.

«Калі людзі лічаць, што дзяржаўны орган не адказаў на іх пытанні і не вырашыў праблему, абавязкова трэба абскарджваць у вышэйшы орган», – тлумачыць працэдуры Таццяна Сініца.

«Пісалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, у пракуратуру, старшыні Савету дэпутатаў Мінаблвыканкаму, Дзяржкантроль, Дзяржбуднагляд…» – узгадвае жыхар пасёлку Аляксандр Чайко.

Адказаў або няма, або скаргу на мясцовыя ўлады перанакіроўваюць… мясцовым уладам. Дазвол жа на пабудову заводу металаканструкцыяў быў атрыманы пры старшыні Салігорскага райвыканкаму Алегу Паскробку, якога ў чэрвені затрымала міліцыя паводле падазрэння ў карупцыйнай дзейнасці на папярэднім месцы працы.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu