Шчучын стаў бязвізавым. Едзем і спраўджваем, што там змянілася


Самалёт на пастуменце ў Шчучыне. Фота – Andrzej Sidor / Forum

З 10 лістапада бязвізавыя становяцца 10 заходніх раёнаў Беларусі. Ксенія Тарасевіч з’ездзіла ў адзін з іх і даведалася, ці гатовыя там да прыезду турыстаў.

Паводле кіраўніцтва Шчучына, да пашырэння бязвізавага рэжыму пачалі рыхтавацца з самага пачатку 2019 года. Ужо тады прынялі адмысловы план для развіцця турызму.

«План звязаны і з прамоўшэнам, і з удасканаленнем тых турыстычных аб’ектаў, якія ў нас ужо ёсць. І адначасова накіраваны на з’яўленне нейкіх новых турыстычных прадуктаў, турыстычных аб’ектаў, маршрутаў. Якія маглі б задаволіць патрэбы замежнікаў», – кажа Аляксандр Амшэй, кіраўнік аддзелу турыстычнай ды інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі Шчучынскага райвыканкаму.

Загадкі беларускай гісторыі
Шчучын. Сталіца беларускіх піяраў
2019.01.22 08:00

Дом-музей вядомага музыкі Чэслава Немэна і палац у Жалудку ўжо даўно прывабліваюць турыстаў. Але, паводле мясцовага краязнаўцы Генадзя Кіенкі, у раёне нямала іншых цікавых месцаў.

«У Шчучынскім раёне шмат культавых, перш за ўсё, пабудоваў. Напрыклад, царква-крэпасць у Мураванцы, якіх адзінкі на ўсю Беларусь і ўвогуле вельмі мала. Палац Друцка-Любецкіх», – кажа ён.

А чаго ад бязвізу чакаюць простыя шчучынцы? Глядзіце адказы ў рэпартажы, які выйшаў у выданні навінаў 9 лістапада

Рыхтуюцца да павелічэння колькасці турыстаў і мясцовыя прадстаўнікі гатэльнага бізнесу. Паводле дырэктара адной з мясцовых гасцініцаў, цяпер замежныя кліенты ёсць, але не так шмат, як хацелася б. Таму на бязвіз ускладаюцца сур’ёзныя спадзевы.

«Мы чакаем, што напаўняльнасць павялічыцца ў два разы як мінімум. У нас ужо ёсць кліенты з Заходняй Еўропы, Ізраілю, Кітаю, палякі часта да нас прыязджаюць», – кажа дырэктар гатэлю «Утульнасць» Вячаслаў Рамановіч.

Паводле кіраўніка аддзелу турыстычнай ды інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі Шчучынскага райвыканкаму Аляксандра Амшэя, летась у Шчучын прыехала 23 тысячы турыстаў, траціна з іх – замежнікі. А ў наступным, ужо бязвізавым, годзе мясцовыя ўлады плануюць прыняць 30 тысячаў замежных гасцей.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»