Затрымліваюць і судзяць у спадзеве запужаць


У бабруйскім судзе адбыўся працэс над Ігарам і Алегам Букасамі, якіх затрымалі 10 жніўня. Бацьку і сыну пагражае да 6 гадоў зняволення паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу быццам бы за збіццё працаўніка міліцыі.

«Бацька і муж кажуць праўду. Працаўнікі блытаюцца ў паказаннях: адзін кажа, што ўсё цалкам здымалася і ён заглядаў у аўтамабіль, другі сцвярджае, што ўсё здымалася, але ў аўтамабіль ён не заглядаў. У следчым камітэце даюць выразае відэа, кавалку няма, як і гуку», – сцвярджае Ганна Букас, жонка Алега Букаса.

У той дзень мужчыны накіроўваліся ў краму, ля якой сталі сведкамі канфлікту між працаўніком ДАІ і кіроўцам аўтамабілю. Ігар заступіўся за кіроўцу з намерам развязаць сітуацыю мірным шляхам. Але, пасля заўвагі працаўніку ДАІ, той даў каманду затрымаць мужчыну. На яго наляцела адразу некалькі людзей у форме. Алег пачаў бараніць бацьку, завязалася калатня.

«Віны няма ні ў сына, ні ў мужа, бо я там прысутнічала і ўсё бачыла. Была правакацыя з боку ДАІ, каб яе не было, то ўсё б абышлося добра і спакойна, бо ніхто не сварыўся, ніхто не выказваўся нецэнзурна. Усе культурна адзін да аднаго звярталіся», – дзеліцца Алена Букас, жонка Ігара Букаса.

Працаўнік ДАІ Уладзімір Мяньшоў, выступаючы сёння на працэсе, папрасіў не пазбаўляць мужчынаў волі. Суддзя Андрэй Літвін абвясціў перапынак у разглядзе справы да 11 лістапада.

У іншых гарадах працягваюцца судовыя паседжанні за ўдзел у мірных акцыях, у тым ліку ў дваровых імпрэзах.

Пасля вечаровага канцэрту са скверу за гандлёвым цэнтрам «Рыга» сілавікі забралі адразу пяцярых музыкаў з радыё «Каранцін». Відавочцы кажуць, што палявалі адмыслова на людзей з інструментамі.

Прысутныя на канцэрце кажуць, што людзі ў штацкім былі ад самага пачатку і пільна адсочвалі сітуацыю, а аўтобус з АМАП, відавочна, стаяў непадалёк у дварах, бо ўдзельнікаў гурта затрымлівалі адразу ж па сканчэнні выступу. Чалавек, які распавёў нам пра падзеі, пагадзіўся зрабіць гэта на ўмовах ананімнасці.

«Пад’ехаў бус, падпёр аўта, адтуль выскачылі амапаўцы і пачалі прымаць людзей. Там падзеі гэтак хутка развіваліся, наколькі я разумею, некалькі чалавек ці то збеглі, ці то сышлі», – распавядае відавочца затрымання.

Суд Савецкага раёну адправіў справы затрыманых музыкаў на дапрацоўванне праз хібы ў пратаколах, працэс мусіць працягнуцца заўтра. Аднак сябры маладзёнаў устрывожаныя гэтай сітуацыяй.

«Па-свойму шчырыя, па-свойму таленавітыя і вельмі добрыя людзі, наколькі я іх ведаю. Тое, што адбылося іхнае затрыманне, гэта нейкае непаразуменне. Увогуле – як такіх людзей могуць затрымліваць? Людзі нідзе не фіксаваліся, злачыннага ніколі не рабілі і нават не падазраваліся», – кажа спявак, музыка, лідар гурта VURAJ Сяргей Доўгушаў.

Разам з тым гэта не першая спроба сілавікоў спыніць дваравыя імпрэзы і канцэрты праз пагрозы музыкам і дзеячам культуры. На думку відавочцы ўчарашняга затрымання, такім чынам улады разлічваюць запужаць лакальныя супольнасці, што ўтварыліся на хвалі пратэсту.

«Тыя ж самыя музыканты, якія актыўна падтрымліваюць людзей, не баяцца, не хаваюцца за маскамі і балаклавамі, выходзяць і спяваюць разам з людзьмі песні, падбадзёрваючы іх, дзеляцца тым, што яны ўмеюць рабіць. Ну, вядома, гэта шкодзіць. Мне здаецца, яны мяркуюць, што калі раптам падзадушаць актыўных музыкантаў, то людзям зробіцца сумна, страшна і г. д.», – мяркуе відавочца затрымання музыкаў.

Сёння ж стала вядома пра затрыманне працаўнікоў Філармоніі – артыста камернага хору Дзяніса Іванова і віяланчэлісткі Аляксандры Сердзюковай. З месца працы іх завезлі ў Савецкі РУУС.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu