Затрыманыя на суботніх акцыях атрымліваюць штрафы і содні


15 соднямі арышту ў судзе Ленінскага раёну сталіцы суддзя Анастасія Ачалава пакарала аператара Аляксандра Мікрукова нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Паводле самога аператара, ён праходзіў каля пікету і здымаў акцыю на мабільны тэлефон з адлегласці, дастатковай для таго, каб яго не палічылі ўдзельнікам.

«Права суддзі – ацэньваць, якія факты яна лічыць правільнымі ці няправільнымі, даказанымі ці недаказанымі. Працэдуру яна выканала. А далей гэта ўнутраная ацэнка суддзі, ейная прававая адукаванасць, ейная пазіцыя. Яна так палічыла, мы маем права абскардзіць», – тлумачыць юрыстка Жана Насута.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра больш як паўтары сотні чалавек, затрыманых на мірных акцыях пратэсту ў суботу і нядзелю. Суботнія затрыманні сталі найбольш масавымі пасля 20 снежня летась.

Паводле падлікаў БелаПАН, толькі ў сталіцы адбылося каля паўсотні акцыяў з больш як тысячай удзельнікаў, што трапілі на апублікаваныя ў сацсетках кадры. Акцыі пратэсту адбыліся і ў шэрагу іншых гарадоў ды мястэчак: Жодзіне, Наваполацку, Дзяржынску, Салігорску, Любані ды іншых. Некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў затрымалі па-за Менскам – у Берасці, Горадні, Маладзечне, Лідзе ды Наваградку.

Нягледзячы на суботнія затрыманні, лакальныя маршы ды пікеты адбыліся і ў нядзелю. Былая кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская паведаміла пра больш як 40 чалавек затрыманых 24 студзеня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»