Аб'ектыў 13.02.2017 Затрыманых заробкаў усё больш. Дрэнна будзе ўсім


Праблема з затрыманнем заробкаў сыходзіць на нішто. Колькасць арганізацыяў, якія не разлічыліся своечасова з рабочымі, упала за месяц у сем разоў – ад 167 да 24. Пра гэта паведамляў Белстат па выніках… траўня мінулага года.

Нечакана ўлады інфармацыю засакрэцілі

Імаверная прычына такога рашэння праскочыла мінулаю восенню. Праз тры месяцы пасля таго, як Белстат перастаў публікаваць звесткі аб кампаніях, што затрымліваюць заробкі, іх колькасць у Менскай вобласці падскочыла ў 22 разы, ад 2 да 44, паведаміла тады на сваім сайце абласная пракуратура. Агулам жа па краіне, па выніках года, гаворка ідзе не пра дзясяткі ці нават сотні, а пра тысячы арганізацыяў, прычым падлічылі толькі тыя, якіх за гэта пакаралі.

Ці рэальная праблема, мы спыталіся жыхароў Гомля

«Так, цяпер не аддаюць. У снежні адпрацаваў і не аддалі. – А дзе? – Бальшавік, на ОДО Тэхнатрэйд».

«Калгас Лепяшынскага. Затрымліваюць. Бывае, па частках даюць. 20-30 %».

«Бацька тады працаваў у прыватнай якойсьці канторы і – так, было, ён падаваў у суд і грошы вярнулі».

«Некаторыя фірмы, па дамове, і па паўгода не плацяць».

– сведчаць гомельцы.

Тып прадпрыемстваў-неплацельнікаў, які называлі мінакі, збольшага адпавядае іх профілю ў афіцыйным паведамленні. Перадусім – будаўнічыя арганізацыі ды гандлёвыя фірмы. Афіцыйныя звесткі яшчэ канстатуюць праблемы з заробкамі на сяле – іх 80 % ад тых, хто не разлічваецца, а таксама ў дрэваапрацоўчай галіне, куды дзяржава за апошнія 10 гадоў уклала больш за Br 1 млрд.

«Ёсць кола прадпрыемстваў, якія зʼяўляюцца ўстойліва неплацежаздольнымі і там праблема, хутчэй, не ў тым, што сістэматычная затрымка і нявыплата заробкаў, а тое, што гэтыя прадпрыемствы ўвогуле нежыццяздольныя і яны вымушаныя будуць звальняць людзей, скарачаць вытворчасць, а, час ад часу і зачыняцца», – тлумачыць эксперт Леанід Фрыдкін.

Улады легалізуюць затрыманні заробкаў

На МТЗ, «Гомсельмашы» ды іншых буйных дзяржаўных прадпрыемствах рабочых цягам апошніх гадоў прымушалі падпісваць новую дамову, у якой тэрміны выплаты заробку дробяцца на некалькі частак і пасоўваюцца на некалькі тыдняў. Новыя тэрміны разліку збольшага датрымліваюцца. Але, адзначаюць адмыслоўцы, у выніку гэтыя прадпрыемствы вымушаныя, па-першае, скарачаць колькасць работнікаў (на МАЗе летась скарацілі чарговыя 10 %). А па-другое, неплацяжы дастаўцам ды кліентам множаць звальненні ды затрыманне заробкаў у прыватным сектары.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: medportal.net

Глядзі таксама
Каментары