Затрыманні і пратэсты ў Берасці


У Берасці сёння зноўку шэсце супраць запуску свінцова-акумулятарнага «Айпаўэр». І зноў маюцца масавыя затрыманні актыўных удзельнікаў спецназам у цывільным.

Больш за год кожную нядзелю жыхары Берасця выходзяць на цэнтральную плошчу, каб сказаць «Не – заводу». Але мясцовыя ўлады праігнаравалі акцыі пратэсту, адміністрацыя Лукашэнкі праігнаравала амаль 40 тысячаў подпісаў пра парушэнні ў планаванні ды патэнцыйную небяспеку заводу «Ай-Паўэр» і хутка запланаваны пуск масавай вытворчасці свінцовых акумулятараў.

«Гэты завод стаіць там, дзе не павінен стаяць, у цэнтры густанаселенага пункту».

«Колькі б мы ні звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта, к розныя кіроўныя і назіральныя органы, ніякай рэакцыі няма, больш за тое, узнікаюць рэпрэсіі», – кажуць удзельніцы мірнага пратэсту.

У пятніцу міліцыя затрымала 10 удзельнікаў мірных пратэстаў – да суда ў панядзелак, дзе чакаюцца вялікія штрафы. На мінулым тыдні адзін з удзельнікаў ініцыятыўнай групы, Майсей Мазько, трапіў пад крымінальную справу пра абарот боепрыпасаў – ДАІшнікі спынілі яго пасярод дарогі і нібыта знайшлі ў машыне пакет з патронамі ды трацілам. Удзельнікі пратэсту перакананыя, што гэта сфабрыкаваная справа.

«У гэтыя моманты нельга адседжвацца. Трэба выходзіць і казаць», – сказаў «Белсату» Алесь Абляк, які не пабаяўся ўзяць у рукі мегафон і ўзначаліць калону пратэстоўцаў..

Актывісты падкрэсліваюць: ініцыятыўная група праціўнікаў заводу дзее выключна на падставе заканадаўства і апублікаваных дакументаў. У адказ на гэта адбываецца тэрор супраць грамадзянаў, кажа Зміцер Бекалюк.

«Людзі хочуць проста жыць на чыстай прыродзе, з чыстым паветрам. І іх за гэта закрываюць. Ідзе траўля», – заявіў Зміцер Бекалюк, удзельнік Ініцыятыўнай групы супраць свінцова-акумулятарнага заводу.

Каб перашкодзіць пратэсту, мясцовыя ўлады зарганізавалі на месцы збору агляд-конкурс кадэтаў.

Агулам па Берасці сёння прайшло больш за 200 праціўнікаў заводу. Без гвалту, без транспарантаў, але ў суправаджэнні міліцыянтаў у цывільным. Па камандзе ў навушніках амапаўцы затрымлівалі пратэстоўцаў.

Людзі спрабавалі адбіваць затрыманых, але ў выніку не менш за 7 удзельнікаў шэсця, у тым ліку Алесь Абляк, Зміцер Бекалюк і Аляксандр Кабанаў трапілі ў міліцэйскія пастарункі.

Як паведамілі «Белсату» мясцовыя жыхары, арыштамі камандаваў намеснік начальніка Ленінскага райаддзелу Мікалай Самасюк. Яшчэ ў кастрычніку ён пагражаў пратэстоўцам крымінальнымі справамі і нават тым, што іх знойдуць у рацэ Мухавец, калі яны будуць выступаць супраць акумулятарнага заводу. Але людзі пратэстуюць.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu