Затрыманні, аднаўленне мемарыялу, маршы – як беларусы сустрэлі 140-ы дзень пратэстаў


Жыхары Менскай Дамброўкі на акцыю пратэсту выйшлі з самага ранку. На Камароўскім кірмашы актывісты зладзілі акцыю з паветранымі шарамі. А Серабранка і ўвогуле зламала сістэму, аб‘яднаўшы два сцягі.

Беларусы Бельгіі таксама падтрымалі сваіх землякоў.

«Свабоду нельга купіць, ніхто не можа яе даць. Яе можна толькі заваяваць, і ніяк болей яна не даецца. Таму сілаў вам, мужнасці. А яшчэ я жадаю… У мяне ёсць адно крамольнае пажаданне, і я вам яго пажадаю: каб як мага хутчэй настаў той дзень, калі па ўсёй Беларусі скончыцца шампанскае. Жыве Беларусь!», – мяркуе Таццяна Марчанка.

Беларусаў Санкт-Пецярбургу з сённяшняга дня пачынаюць штрафаваць за ўдзел у акцыях з нацыянальнаю сімволікай. Гэта значкі, сцягі, стужкі. Паводле прадстаўніка Беларускага зямляцтва гораду Артура Грунтава, беларусы Піцеру ўжо спрабуюць развязаць пытанне з адвакатамі.

«Ёсць закон пра каронавірус і пра пікеты. І там усё гэта аб‘ядналі ў адзіны. То бок ёсць 121-ы і 54-ы федэральны (закон. – заўв. belsat.eu) «Правядзенне пікетаў і мітынгаў». Прапісана, што пікеты, мітынгі, дэманстрацыі забароненыя для грамадзянаў не Расейскай Федэрацыі. Але мы не ладзім ні пікетаў, ні мітынгаў. У нас проста акцыя каля нашай амбасады», – распавядае прадстаўнік Беларускага земляцтва Санкт-Пецярбургу Артур Грунтаў.

Сёння актывісты, аднак, усё ж выйшлі на акцыю да амбасады – без сцягоў. Але паліцыя іх затрымала.

Тым часам у Вільні беларусы сёння аднаўлялі мемарыял Раману Бандарэнку ля амбасады нашай краіны. Учора мясцовы блогер з ЮТ’юб-каналу «Литовец рубит правду» знішчыў яго ў наўпроставым эфіры.

«Я хоць тут знаходжуся ў такі непрыемны момант, але хоць нешта зрабіць хачу»

«Пры гэтым хацелася б выказаць даніну павагі Літоўскай Рэспубліцы за тое, што мы тут знаходзімся ў бяспецы і жывём без страху. Жыве Беларусь!»

«Самаарганізаваныя нашыя падапечныя, нашыя беларусы аднавілі яшчэ лепш. І мы вытрымаем усе нападкі ўсіх гэтых «ябацек» і ўсіх астатніх», – распавядаюць беларусы Вільні.

Нягледзячы на ўсе перашкоды заўтра беларусы па ўсім свеце зноў выйдуць на акцыі салідарнасці.

Надзея Бельская, «Белсат»