Затрыманаму на Кастрычніцкай хлопцу пагражае 6 гадоў турмы

Паводле сталічнай міліцыі, хлопец на відэа, якое ўскалыхнула сацсеткі, зламаў нос аднаму з міліцыянтаў.

Міліцыянты і супрацоўнікі менскага метрапалітэну (агулам – шэсць чалавек) душылі і збівалі юнака падчас затрымання на станцыі «Кастрычніцкая».

Сведка Таццяна Стрэльнікава, якая зняла сцэну затрымання на тэлефон, кажа за кадрам, што бачыла, хлопец нічога не рабіў, калі яго затрымалі на эскалатары станцыі метро Кастрычніцкая.

У сталічнай міліцыі празмернае ўжыванне сілы ў дачыненні да пасажыра не пракаментавалі, але заявілі, што хлопец знаходзіўся ў стане наркатычнага і алкагольнага апʼянення. Супраць яго распачатая крымінальная справа паводле артыкулу – гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Артыкул прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, якую мы можам агучыць на дадзены момант, сваім неадэкватным станам ён прыцягнуў увагу супрацоўнікаў аховы метрапалітэна. У ходзе разбору ён аказаў актыўны супраціў і нанёс траўмы супрацоўніку міліцыі. У выніку – пералом касцей носу», – заявіў прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі.

Чаму шэсць чалавек, у тым ліку супрацоўнікі сілавой структуры, былі не ў стане затрымаць п’янага? І калі ён сапраўды быў небяспечны для мінакоў, чаму сведкам не патлумачылі ў чым прычыны затрымання? Назіральнікі адзначаюць непрафесіяналізм людзей, якія працуюць у МУС.

У Беларусі цалкам адсутнічаюць надзорныя органы ў выглядзе пракуратуры, якія б маглі ўплываць на МУС, кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка. – Па-другое гэта – сваволле міліцыянтаў, якія лічаць, што калі ім даверылі права ахоўваць наш пакой, яны могуць гэта інтэрпрэтаваць як заўгодна.

Паводле Андрэя Бандарэнкі, абнародаванне такіх звестак – гэта не вайна супраць МУС, а спосаб беларусаў абараніць сябе ад міліцэйскага сваволля.

Гэта не першы выпадак жорсткага збіцця ў метро, калі міліцыянтам даводзіцца апраўдвацца за свае дзеянні. Паўтары гады таму на станцыі метро Уручча міліцыянты збілі сляпога, а пасля заявілі, што той аказаў супраціў іх дзеянням. У навагоднюю ноч у Менску міліцыянты стралялі ў спіну няўзброенаму чалавеку. А ў сераду ў Лунінцы п’яны супрацоўнік міліцыі здзейсніў ДТЗ. Ад пачатку года гэта ўжо трэці выпадак, калі міліцыянтаў затрымліваюць за кіраванне аўтам у п’яным стане. Але замест адстаўкі міністра Шуневіча, найвышэйшае кіраўніцтва МУС захоўвае маўчанне.

Аркадзь Несцярэнка

Глядзі таксама