Аб'ектыў 08.04.2019 Застаўся без нагі і дому. Пакуль гаспадар быў на заробках, сельсавет знёс ягоную хату


Пакуль жыхар вёскі Каравацічы, што на Гомельшчыне, працаваў па-за вёскай, мясцовы сельсавет зруйнаваў і закапаў ягоную хату, у якой ён і дагэтуль зарэгістраваны. Хто вінаваты, і што цяпер рабіць чалавеку, які да таго ж застаўся без нагі?

«А там, дзе ігруша, – канец гароду быў…»

А на месцы гэтай чорнай плямы яшчэ пяць гадоў таму стаяла хата. Аляксей Караткоў набыў яе ў 2004-м, выбраўшы месца побач з бацькавай радзімай, у вёсцы Каравацічы Рэчыцкага раёну. А ў 2015-м, пакуль гаспадар быў на заробках па-за вёскай, сельсавет хату знёс.

«Мне патлумачылі, што яны баяліся, што дзеці залезуць на гарышчы ці ў хату, распаляць вогнішча ці печку і зробяць пажар», – распавядае Аляксей Караткоў.

Аляксей Караткоў па-ранейшаму прапісаны па адрасе вуліца Сухарукава, дзе стаяла знесеная хата, ды іншага жытла не мае. З ягоных словаў, мясцовыя ўлады не тое што не запыталі ягонай згоды, але нават і не паведамілі пра знос.

«Нічога мне не давалі, ніхто не апавяшчаў пра гэта. Я даведаўся ад людзей, што проста знеслі. Я ў той момант працаваў у Перавалоцы даглядчыкам», – працягвае Аляксей Караткоў.

Згубіўшы працу і не маючы жытла, Аляксей Караткоў некаторы час жыў у закінутых будынках у Рэчыцы. Да ўсяго, нядаўна яму ампутавалі нагу праз няправільна пастаўлены дыягназ – тыдзень мужчына лекаваў лёгкі ўдар, а потым з дапамогай актывіста Аляксандра Алмаева звярнуўся ў абласны шпіталь.

«Атрымалася, гэта не ўдар, а лопнулі сасуды ці штосьці – не паступала кроў да пальцаў нагі, і атрымалася гангрэна».

Аляксей Караткоў ужо амаль два з паловаю месяцы ляжыць у Рэчыцкай больніцы. Выпісвацца яму няма куды.

«За сельсаветам такога жытла, каб адразу засяліўся і жыві, напэўна няма, але трэба паглядзець, можа, дзесьці ў гаспадарках штосьці ёсць. Мне цяжка штосьці сказаць, я літаральна два тыдні працую», – адказвае старшыня караваціцкага сельсавету Канстанцін Сакір.

І гэта ўжо трэці старшыня сельсавету ад моманту зносу хаты спадара Аляксея. У сельсавеце бесхацінцу выдалі даведку, што ён мае патрэбу ў жытле.

«Я разумею так, што працуе карупцыйная схема, і кіраўнікі сельсаветаў зацікаўленыя ў зносе дамоў, бо на гэта з бюджэту выдзяляюцца грошы», – тлумачыць грамадскі актывіст Аляксандр Алмаеў.

На думку актывіста, зносяць дамы, не пытаючыся ў гаспадароў, у тых выпадках, калі чалавек не здольны абараніцца. Праваабаронцы ж падкрэсліваюць, што права на ўласнасць ёсць канстытуцыйным і менавіта дзяржава мусіць яго абараняць. Праваабаронца Леанід Судаленка кажа:

«Нават калі дом струхлелы, прыйшоў у нягоднасць, усё адно на дзяржаўных чыноўніках ляжыць абавязак атрымаць пісьмовы дазвол ягонага ўласніка на знос, утылізацыю».

Калі ж дом знесены без пісьмовай згоды ўладальніка, праваабаронца раіць патрабаваць грашовай кампенсацыі ў мясцовым выканкаме або праз суд. Спадар Аляксей сцвярджае, што згоды на знос дому не даваў, але ў спрыяльнае развязанне справы не верыць.

«Мяне ў гэтым судзе раздавяць як прусака…»

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары