Аб'ектыў 26.08.2018 Заслаўе, Ізяслаў, казакі – выкіньце адно лішняе слова


Гэтак у інтэрнэце жартуюць жыхары Заслаўя, даведаўшыся, што падчас Дня гораду ледзь не галоўнай атракцыяй будуць выступы ансамбляў казацкіх спеваў і танцаў. Збянтэжаныя праграмай і гісторыкі.

«Ніякага дачынення казацкі стан не мае да Заслаўя, казакоў там не было ніколі. Зараз нейкія арганізацыі могуць тут дзейнічаць, але яны не маюць ніякага дачынення да нашай беларускай мінуўшчыны і Заслаўшчыны», – кажа Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук, Заславец.

Але дастаткова зірнуць на плакат з анонсам Дня гораду, як адразу робіцца ясна, адкуль вушы растуць у «заслаўскіх казакоў». Тры з чатырох арганізатараў імпрэзы – расейскія. Дом Масквы, Маскоўскі цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва і Дэпартамент міжнародных сувязяў гораду Масквы. Чацвёрты і апошні на плакаце – Заслаўскі гарвыканкам. Як гаворыцца, хто плоціць, той і музыку замаўляе.

Паглядзеўшы на казацкія танцы, мы запыталі мясцовых жыхароў і гасцей гораду, ці маюць казакі нейкае дачыненне да Заслаўя.

Ж і госці Заслаўя:

«Я лічу, што казакі ўвогуле малое дачыненне маюць да гісторыі Беларусі».

«Пра казакоў нічога не ведаю».

«Казакі такія таварышы, любяць парабаваць. Магчыма, і дасюль дабягалі з рабаваннем».

«Казакі – гэта воіны-ахоўнікі, і былі яны не толькі на Кубані ці Доне, але яны былі ў Беларусі, цяперашняй так званай Беларусі таксама, калі браць гісторыю».

«А ці былі тут казакі? Канечне, не, што за вар’яцтва?»

Між тым гораду сёлета спаўняецца тысяча трыццаць тры (1033) гады, старэйшыя ў нашай краіне толькі Тураў, Віцебск і Полацк. Кожны беларускі школьнік ведае гісторыю пра ганарлівую полацкую князёўну Рагнеду, ейных жаніхоў – князёў Уладзіміра і Яраслава. І пра ссылку Рагнеды пасля таго, як Уладзімір хацеў забіць яе за замах, але на абарону стаў сын Ізяслаў, у гонар якога і названы горад. Ужо ў 20-м стагоддзі Заслаўль апынуўся на мяжы цывілізацыяў, менавіта тут была чыгуначная станцыя «Беларусь». На захад была Рэч Паспалітая, на ўсход – СССР. Навошта падмяняць сапраўдную яскравую гісторыю выдуманай ды чужынскай?

«Кіраўніцтва гораду мае прарасейскі накірунак. У свой час у Заслаўі зʼявіліся георгіеўскія стужкі. Калісьці гэта быў сімвал узнагароды Расейскае імперыі, але пасля агрэсіі супраць Украіны гэта пераўтварылася ў сімвал акупацыі», – тлумачыць Ігар Мельнікаў.

У выніку ці то праз незадаволенасць жыхароў Заслаўя ў інтэрнэце, ці то праз шум у медыях, ансамбль казацкага спеву «Бацька атаман» у горадзе гэтак і не выступіў. Але пытанне засталося: наколькі лёгка старажытную беларускую гісторыю можна падмяніць чужымі фантазіямі?

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары