Зарплаты не паспяваюць за ростам коштаў


Міністэрства гандлю заўважыла, што рост цэнаў у Беларусі адбываецца хутчэй, чымся рост дабрабыту людзей.

У той час, як афіцыйна рэальныя даходы растуць толькі на 7 %, некаторыя «сацыяльна значныя тавары» даражэюць ажно на 11 %. А гэта – перадусім тое, што мы найчасцей набываем у крамах: курынае мяса, яйкі, малако, смятана, тварог, хлеб, мука, крупы, макароны, цукар і дзіцячае харчаванне.

Матэрыял Сцяпана Святлова пра рост коштаў глядзіце ў поўным выданні навінаў за 10 жніўня

Апытаныя намі на вуліцах Менску мінакі кажуць, што гатовыя «тужэй зацягваць і без таго ўжо зацягнутыя паясы«:

«Стараемся мяса не есці, бо дорага. Дорага!».

«Адмаўляць сабе даводзіцца ў вопратцы, купляць не свініну, а курыцу. Не філе, а галёнку».

«Цяжка, вядома. Але людзі выжываюць нейкім чынам, па-іншаму нельга. У каго – лецішча, у кагосьці – дадатковы заробак. Нават дзеці спрабуюць штосьці знайсці».«Гэта адбываецца не часцей, чымся раз на квартал або паўгода, гэта не моцна заўважаецца».

«У Беларусі ўсё стабільна, асабліва – павышэнне коштаў».

Варта заўважыць, што гэта голас жыхароў сталіцы, дзе зарабляюць больш, чымся агулам па краіне. Сітуацыя ў рэгіёнах – куды больш складаная. Паводле Міністэрства гандлю, у асноўным рост раздробавых коштаў адбываецца праз павышэнне гандлёвых надбавак. Таму на «сацыяльна значныя тавары» іх часова абмежавалі, бо інакш можна не выканаць планаваных паказнікаў гадавой інфляцыі.

«Чыноўнікі думаюць не пра тых бабак і дзядоў, якія не могуць купіць сацыяльна значных тавараў, яны думаюць не пры тыя вытворчасці, якія не ў стане зрабіць дастаткова сацыяльна значных тавараў. Яны думаюць пра паказнік. 25 гадоў галоўная ідэалагема нашай краіны – сказ: паказнікі не павінныя скарачацца», – кажа эканаміст Міхал Залескі.

Не скарачаюцца і паказнікі коштаў, якія ў сярэднім растуць на 5–6 %. Паводле эксперта, першая прычына іх росту – нізкая эфектыўнасць вытворцаў. Адбіваецца на коштах і беднасць спажывецкага рынку.

«Павінен быць разнастайны рынак. Павінна быць прапанова такіх паслугаў і тавараў, якія будуць забіраць у людзей грошы за патрэбныя ім паслугі і тавары, гэта не дасць магчымасці павышаць цэны тым, хто іх павышае. Таму што тады на іхныя тавары не будзе ў такім выпадку попыту», – дадае Залескі.

Калі сітуацыя з коштамі не палепшыцца, Міністэрства гандлю не выключае магчымасці іх рэгулявання. Але, як паказвае папярэдні досвед, праблемы росту коштаў гэта не развязала.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»