Зарплаты беларусаў: дно яшчэ наперадзе


Заробкі растуць, але не так хутка, як інфляцыя. Праз яе, паводле афіцыйнай статыстыкі, рэальныя прыбыткі насельніцтва за год знізіліся больш як на 2 %.

Наколькі людзі адчуваюць зніжэнне ўзроўню жыцця?

Гэта паспрабавалі высветліць сацыёлагі. Апытанне Беларускай аналітычнай майстэрні ў першай палове красавіка, у якім узялі ўдзел больш за тысячу рэспандэнтаў, выявіла, што як «добры» і «вельмі добры» свой дабрабыт ацэньваюць толькі 6 % грамадзянаў, затое як «кепскі» і «вельмі кепскі» – больш за 40 %. Палова ж насельніцтва лічыць сваю матэрыяльную забяспечанасць сярэдняй.

Замест спаўзання афіцыйная статыстыка паказвае рост

Валавы ўнутраны прадукт вырас 0,5 %. Што праўда, эксперты лічаць гэта часоваю з’яваю, звязанаю з дамоўленасцю Беларусі ды Расеі аб большых пастаўках нафты, чым летась.

«Гэта пазіцыя наркамана, які дарваўся да іглы, ізноў укалоўся, але праблему гэта ніяк не здымае. Гэта яшчэ больш вядзе да пагаршэння сітуацыі ў будучым», – даводзіць прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук.

Аматары стабільнасці пачалі прагнуць рэформаў

Паводле сацыёлага Андрэя Вардамацкага, амаль 80 % беларусаў выступаюць за рэформы, і толькі 8 % кажуць зменам «не».

Першае выйсце – з’ехаць за мяжу, паводле Беларускай аналітычнай майстэрні, разглядае кожны трэці беларус. Але большасць хоча годна жыць у сваёй краіне.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: TUT.BY