Заробкі ў свеце растуць. Беларусь не ў трэндзе


Паводле штогадовай справаздачы аб заробках, якую рыхтуе і публікуе Міжнародная арганізацыя працы, сёлета ў справе росту рэальных заробкаў нашая краіна заняла сёмае месца знізу.

Што праўда некалькі краінаў (напрыклад, Венесуэла, Куба і Паўночная Карэя) у рэйтынг наагул не ўвайшлі – з прычыны браку або ненадзейнасці актуальных лічбаў.

Агульная тэндэнцыя ў свеце наступная: у пераважнай бальшыні краінаў, апроч буйных экспарцёраў сыравіны, заробкі растуць, асабліва на захадзе. Сярэдні сусветны паказнік росту, што праўда, запаволіўся летась, але перадусім, праз падзенне даходаў працоўных у Расеі ды Бразіліі.

Заробкі падаюць і будуць падаць

Апытаныя «Белсатам» жыхары Менску скардзяцца, што «няма працы» ды кажуць, што ўжо гатовыя да рэформаў, якіх так «баіцца ўлада».

«Няма рабочых месцаў, таму людзі трымаюцца за любы заробак. Каб толькі выжыць», – кажуць нам жыхары сталіцы.

Летась больш чым у Беларусі заробкі ўпалі ва Украіне, Расеі, Бразіліі, Ямайцы, Казахстане ды Сербіі. Сёлета, аднак, ува ўсіх названых краінах рэальныя заробкі засталіся на месцы, як у Расеі, або, як ва Украіне, паказваюць рост на двухзначныя лічбы. Беларускія ж, наадварот, абнавілі антырэкорд падзення.

«У 2017-м будзе значна цяжэй, у 18-ым – яшчэ больш, – кажа старшыня кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. – Улады ня робяць тое, што трэба рабіць у часе крызісу: не ладзяць эканамічныя рэформы».

Налета, што праўда, улады абяцаюць павялічыць сярэдні заробак, у доларавым эквіваленце, на траціну.[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/euBh62foO4E”]

Такога росту, паводле Міжнароднай арганізацыі працы, летась ані блізка не зазнала аніводная краіна ў свеце.

Да гэтых заяваў ставяцца асцярожна таксама беларускія адмыслоўцы. На думку Ярашука, каб давесці заробак да $ 500 на месяц, трэба «разагрэць эканоміку і мець інфляцыю ў 23 %. Або беспрацоўе ў 13 %».

У існым падзенні заробкаў улады вінавацяць расейскі эканамічны крызіс ды вайну ўва Украіне.

Іншыя краіны рэгіёну, аднак, такога ўплыву не зазналі. У Азербайджане рэальныя заробкі летась выраслі на 1 %, у Арменіі – на чатыры, а Літва і Латвія ўвогуле аказаліся ў сусветных лідарах паводле росту даходаў працоўных.

Станіслаў Івашкевіч