Заробкі па 500 долараў? Аляксандр Класкоўскі: «Гэта нерэальна»


Выраз «усім па пяццот» стаўся ў свой час мэмам, вельмі папулярным у народзе. І, напэўна, няшмат хто ўжо памятае, адкуль усё пайшло ды ці былі сапраўды ў Беларусі калісьці такія заробкі. Аднак сёння Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Магілёў узяўся за старое.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Вы рыхтуйцеся дзе заўгодна браць 500 долараў сярэдні заробак у наступным годзе».

І адразу ж падкрэсліў, што падвышэнне заробкаў не варта здзяйсняць штучна, як раней, а толькі праз рэальнае падвышэнне прадукцыйнасці працы.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Я ж не кажу, што вы павінны плаціць не запрацаваныя грошы. Не ў якім разе! Бо вернемся тады на два гады назад, з чаго пачыналі. Як я часта кажу па-народнаму: дурніца гэтая скончаная!».

Толькі ці выканальная гэта місія? Калі маштабных рэформаў не прадугледжана, адзін з асноўных рынкаў збыту – расейскі – цярпіць ад крызісу, а новых прарываў у вонкавым гандлі няма… Вось і сёння Лукашэнка падкрэсліваў: на прыватызацыю і кардынальныя змены не разлічвайце.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, КІРАЎНІК АНАЛІТЫЧНЫХ ПРАЕКТАЎ, АГЕНЦТВА: «БЕЛАПАН»:

«Атрымліваецца, што трэба за год на траціну палепшыць прадукцыйнасць працы. І гэта не рэальна. Таму Лукашэнка думаю ў душы разумее, што наўрадці выканальная гэтая задача. Але паколькі ён кажа: я напружу вертыкальнікаў, чыноўнікаў. То гэта апрыёры ставіць яго ў выйгрышную пазіцыю. Як звычайна: добры цар, і кепскія баяры»

Але, падаецца, гэтая формула ўсё менш дзее на беларусаў.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

«Мы цяпер на такім нізкім узроўні, і нечакана так рэзка падняць? Гэтак не бывае!».

«Калі ў краіне штосьці кардынальна зменіцца, тады можа быць. Але пакуль… цяжка паверыць».

«Падобнае пытанне ўжо ўздымалася некалькі гадоў таму, прэзідэнт ужо абяцаў гэта, але гэтак абяцанне і не спраўдзілася».

Сярэдні заробак памерам пяцьсот долараў ЗША быў галоўным абяцаннем Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні выбараў 2010 года. І сапраўды, бліжэй да галасавання статыстыка дэманстравала дасягненне гэтай планкі. Але гэта падалося замалым, і ў тым жа годзе кіраўнік Беларусі падвысіў стаўкі.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА Ў 2010 ГОДЗЕ:

«Да 2015-га мы павінны наблізіць памер заробкаў да тысячы долараў у эквіваленце. Гэта самыя высокія тэмпы роста заробкаў і прыбыткаў насельніцтва»

Аднак, як кажуць, не доўга музыка іграла. Дзве дэвальвацыі беларускага рубля абрынулі сярэднія заробкі да 370–380 долараў у эквіваленце. Але і гэта паводле афіцыйнай статыстыкі. Штодзённыя апытанні «Белсату» сведчаць, што рэальныя заробкі асноўнай масы суайчыннікаў значна ніжэйшыя.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ:

«Галоўнае, што Лукашэнка папуліст. Ён хоча рабіць шырокія жэсты. І да пары, да часу гэта атрымлівалася рабіць за кошт вялікіх расейскіх субсідыяў. Цяпер няма таго, што было раней. Але Лукашэнка ўжо не можа перарабіць сябе».

Днямі Лукашэнка наведаў Аршанскі раён, дзе падчас нарады пагражаў чыноўнікам усіх рангаў: праваліце год, будзеце звольненыя. Інтэрнаўты адрэагавалі ці то жартам, ці то зваротам: а калі ж разлічыць сябе, галоўнага чыноўніка Беларусі, за праваленыя абяцанні цягам 22 гадоў?

Юрый Салодкі, «Белсат»