Заробак у Сенненскім ЖКГ - 70 рублёў у месяц


Непасрэдны заробак працоўных Сенненскай раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі на Віцебшчыне – не большы як Br 70. Як існаваць на гэтыя грошы і чаму прадпрыемства вымушанае даплачваць працаўнікам да мінімальнага заробку – глядзіце ў рэпартажы Юліі Лабанавай.

Чарговы працоўны дзень для спецыялістаў Сенненскай раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі распачаўся са стыхійнага страйку. Зранку працаўнікі сабраліся на ганку, каб выклікаць на адкрытую размову кіраўніцтва прадпрыемства па прычыне малых заробкаў.

«А 67 рублёў я зарабіў. Напэўна, добра працаваў, што мне нават прэмія ёсць 34 рублі. І за майстэрства нават 12 рублёў ёсць. Вось гэта такі заробак у мяне», – кажа працаўнік Сенненскай раённай ЖКГ Аляксей Куц.

І гэта за месяц штодзённай васьмігадзіннай працы пры чацвёртым разрадзе. Здаралася, што выплочвалі і меней. Не памерці з голаду дазваляюць толькі што даплаты на прадпрыемстве да мінімальных трохсот рублёў. Гэтых грошай ледзь хапае.

«За інтэрнат палову заробку аддаеш, плюс сад, школа. Як дзіця пракарміць? Кішкі рвеш. Насамрэч складаная праца падымаць дах, страху. Здаецца, аб’ёмы вялікія, мы мусім зарабляць нармальна, але нічога не зарабляем», – кажа адзін з працаўнікоў Сенненскай раённай ЖКГ.

На ўсе заўвагі працаўнікоў прараб толькі паціскае плячыма. Маўляў, як працавалі – гэтак і зарабілі.

«Дык як яны распавядаюць, што працуюць? Заўзята працуюць?» – «Кажуць, што добра працуюць». – «Працуюць, плоцяць ім за іхную працу», – кажа кіраўнік рамонтна-будаўнічага ўчастку Рыгор Грыдчанка.

Эканаміст арганізацыі сітуацыю тлумачаць не малымі расцэнкамі за працу, а недастатковым яе аб’ёмам на прадпрыемстве. Гэтак, норму спецыялісты выпрацоўваюць толькі на 30 адсоткаў.

«З васьмі гадзінаў, што ён на працы, толькі недзе дзве-тры гадзіны займаецца здзельнай аплатай. Няма аб’ёму працы. У нас былі ў 16-м годзе «Дажынкі». Самі разумееце, вельмі вялікі адсотак быў ахоплены рамонтамі жылога фонду. Практычна ўсё зрабілі», – Святлана Кохан, галоўная эканамістка Сенненскай раённай ЖКГ.

Паводле старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, праблема не ў канкрэтнай арганізацыі, а ў сістэме неэфектыўнага кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

«Калі дзяржава не можа забяспечыць у якасці працадаўцы работнікаў працай, то хай яна ўжо нейкія крокі робіць, каб гэтым займаўся бізнес. Сістэма ЖКГ уся ў руках дзяржавы», – кажа Аляксандр Ярашук з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

У выніку на сходзе працаўнікам Сенненскай раённай ЖКГ нічога не паабяцалі. Рамонтна-будаўнічы ўчастак арганізацыі, імаверна, чакае аптымізацыя. Прынамсі пра тое, што гэткі варыянт цяпер разглядаецца, «Белсату» паведаміла галоўная эканамістка гаспадаркі. Для камунальнікаў жа гэта азначае або перавод на від дзейнасці не паводле спецыяльнасці або скарачэнне і страту нават гэтай амаль бясплатнай працы.

Юлія Лабанава; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum