Аб'ектыў 04.09.2017 Заробак $ 500? Забудзьце! Усе грошы пойдуць на даўгі


Сёлета эканоміка спыніла сваё падзенне, а налета ўрад плануе якасны рывок да перадкрызіснага ўзроўню. Калі ў гэтым годзе валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырасце, як чакаецца, крыху больш, чым на 1 %, то з наступнага года – ужо на больш, чым на 3 %.

І гэта пры тым, што кошт нафты зноў будзе падаць

Паводле аптымістычнага прагнозу ўраду, у 2018-м ён упадзе з сёлетніх $ 52 за барэль, да $ 46.

«Калі АПЕК удасца падоўжыць сваё пагадненне па замарожванні здабычы нафты, то можа быць удасца падняць крыху нафту, але тут жа арэлі гайдануцца на карысць сланцавай нафтаздабычы і кошты тут жа вернуцца назад», – зазначыў эканаміст Леанід Фрыдкін.

Асноўныя надзеі Міністэрства эканомікі ўскладае на расейскі рынак

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб у размове з «Белсатам» выказаў здзіўленне такімі надзеямі. На ягоную думку, вынікам падзення коштаў на нафту будзе стагнацыя або рэцэсія расейскай эканомікі, а значыць – і беларускага экспарту.

Улады: усё будзе добра!

Абапіраючыся на аптымістычны прагноз датычна экспарту, улады абяцаюць захаваць золатавалютныя рэзервы краіны, то бок падушку бяспекі для нацыянальнай валюты, на існым узроўні, не робячы пры гэтым новых пазык. Што праўда, такія абяцанні гучалі і два гады таму.

З таго часу дзяржаўны доўг нашай краіны вырас ад 40 % ВУП да 50 %, таму адмыслоўцы ставяцца скептычна і да гэтага абяцання. Як і ў справе росту заробкаў. Апытаныя намі адмыслоўцы сыходзяцца на тым, што без рэформаў эканомікі істотнага росту прадуктыўнасці працы чакаць няма адкуль. А значыць, дасягнуць планаванага павелічэння на 3,5 %, з улікам інфляцыі, налета можна толькі двума спосабамі: за кошт павелічэння беспрацоўя або разагнаўшы інфляцыйныя ды дэвальвацыйныя працэсы.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Janis Pipars / Anzenberger Agency / Forum

Глядзі таксама
Каментары