Заробак 500 долараў кожнаму – мара ці рэальнасць?


Скрасці ці адкапаць – не варыянт, а вось знайсці… Магілёвец Аляксей Паўлоўскі вырашыў дапамагчы ўраду сабраць грошы – і прапанаваў уласны план, паводле якога можна хутка папоўніць бюджэт краіны.

Прапановы актывіста дужа супярэчлівыя. Напрыклад, звольніць яшчэ больш працоўных, каб спаганяць з іх падатак за дармаедства. Выключэнне маюць скласці чальцы БРСМ і «Белай Русі». А для паляпшэння дабрабыту чыноўнікаў і пабудовы новых рэзідэнцыяў – прыцягнуць дармаедаў да збору экспартавай сыравіны – слімакоў, жабаў ці матылёў.

Подпісы на падтрыманне свайго плану Паўлоўскі збірае на вуліцах гораду. Стаўленне да яго, як і да абяцанняў Лукашэнкі падняць заробкі да пяцісот долараў, адпаведнае: было б смешна, каб не было так сумна.

Свае прапановы Аляксей Паўлоўскі плануе даслаць перадусім магілёўскім дэпутатам з Палаты прадстаўнікоў з зычэннем (цытата) «узяцца за працу замест таго, каб біць лынды і сядзець на шыі падаткаплатнікаў».

Настасся Храловіч, «Белсат»