Запалохванне беларусаў: «браткі ў трэніках» і ўзброены АМАП


Непакой і трывогу адчуваюць тысячы беларусаў перад адной з галоўных масавых акцыяў году – Днём волі.

Атмасфера страху створаная

Цяпер можна паказаць, што ўсё пад кантролем – пад кантролем аўтаматчыкаў. Напярэдадні святкавання Дня Волі ўзброеныя працаўнікі АМАПу патрулявалі Кастрычніцкую плошчу, вакзал і станцыі метро.

Упарадкаванне, ва ўсіх сэнсах, ідзе поўнаю хадою

Каля будынку МУС на праспекце Незалежнасці распачаліся пільныя рамонтныя працы, што перакрываюць амаль увесь ходнік.

Наводзілі парадак і на тым жа праспекце, але перад будынкам КДБ. 70-гадовую актывістку Ніну Багінскую пасля адзіночнага пікету амапаўцы на сінім мікрааўтобусе звезлі ў Цэнтральны РУУС.

Суды цягнуцца няспынна

Як вядома, ветлівыя людзі вельмі не любяць, калі актывісты і апазіцыйныя палітыкі раптам пачынаюць лаяцца і размахваць рукамі ў публічных месцах. Менавіта за гэта і за непадпарадкаванне міліцыі, суд Цэнтральнага раёну даў чальцу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову чатыры содні арышту. Антаніна Кавалёва прысутнічала на працэсе і сведкаў вызначыла адразу.

«Вось гэтыя ўсе браткі ў трэніках, якіх мы бачым, зараз жа многа стрымаў, як затрымліваюць людзей. І вось гэтыя спецыфічныя твары, спецыфічная форма адзення, іх адразу пазнаеш», – кажа спадарыня Кавалёва.

Улады рыхтуюць турмы для новых «пастаяльцаў»

Трывогу перад масавай акцыяй выклікаюць і маніпуляцыі ўладаў з ужо затрыманымі. Паводле сведчанняў сваякоў, больш за дзясятак чалавек перавезлі з Акрэсціна ў ізалятар у Жодзіна. Паводле праваабаронцаў, тым самым вызваляюць месцы пад чарговыя затрыманні.

«Зачысткі» працягваюцца і ў Гомлі.

Напярэдадні вядомаму блогеру Максіму Філіповічу суд Савецкага раёну «накінуў» яшчэ 5 содняў арышту да ранейшых 13-ці, якія ён усё яшчэ адбывае ў гомельскім ізалятары.

Пераслед менавіта блогераў і журналістаў, як у Гомлі, гэтак і ва ўсёй краіне, асабліва паслядоўны і маштабны. Журналістам масава рассылаюць позвы не толькі ў міліцыю, але і ў пракуратуру ці КДБ. Марыі Булавінскай і ейнаму мужу Сяргею Ляпіну пракуратура ўжо вынесла папярэджанне за супрацу з «Белсатам», заўтра раніцай чакаюць і ў міліцыі.

Каб не дапусціць асвятлення заўтрашняй акцыі ў Гомлі. На ёй ужо дакладна не будзе прысутнічаць Андрэй Толчын, якога Савецкі суд Гомля арыштаваў на 8 сутак.

Столькі ж далі і грамадскаму актывісту Юрасю Захаранку, і Арцёму Шапараву. Наступны тыдзень у ізалятары правядзе нават інвалід Андрэй Макараў.

Актывістаў затрымліваюць ужо месяц

На гэтым фоне праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ прыслаць у Менск на Дзень Волі назіральную камісію. БДІПЧ адмовіўся: маўляў, да заўтра не паспеюць. Між тым рэпрэсіі цягнуцца ўжо амаль месяц – на гэты момант спіс затрыманых з 3-га сакавіка складае больш за 300 чалавек. І абнаўляецца літаральна штогадзіны.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum